2014-06-06 12:21:24

Папа прывітаў удзельнікаў святкавання 70-годдзя высадкі саюзнікаў у Нармандыі


RealAudioMP3 Папа Францішак прывітаў удзельнікаў урачыстага святкавання 70-годдзя высадкі саюзніцкіх войскаў у Нармандыі, якое праходзіць 6 чэрвеня 2014 г. у французскім Давіле. Тут сабраліся дзяржаўныя лідэры і палітыкі з многіх краін свету, а таксама прадстаўнікі Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў. У пасланні, падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, адзначаецца, што Святы Айцец аддае пашану вайскоўцам, якія пакінулі свае родныя краіны і высадзіліся на беразе Нармандыі, каб змагацца супраць нацысцкага варварства. Пантыфік таксама памятае пра нямецкіх салдат, якія былі ўцягнуты ў гэту драму і ўсіх ахвяраў вайны. Гэта правільна, - напісаў Папа, - каб сучасныя пакаленні выказалі сваю вялікую ўдзячнасць тым, хто склаў такую цяжкую ахвяру. Святы Айцец нагадаў, што праз перадачу памяці і навучанне новых пакаленняў павазе да ўсіх людзей, створаных на вобраз Бога, можна спадзявацца на лепшую будучыню.

Паводле папы Францішка, такія моманты, як святкаванне 70-годдзя высадкі саюзніцціх войскаў у Нармандыі, нагадваюць, што выключэнне Бога з жыцця чалавека і грамадства не прыносіць нічога іншага, акрамя смерці і пакут. Еўрапейскія народы могуць знайсці ў Евангеллі Хрыста, Валадара супакою, карані сваёй гісторыі і крыніцу натхнення да ўсталявання ўсё больш і больш братэрскіх і салідарных адносін, перакананы Пантыфік.

Высадка войскаў ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і іншых саюзнікаў на беразе Нармандыі пачалася раніцай 6 чэрвеня 1944 г. Яна была часткай вайсковай аперацыі “Аверлод”, якая прадугладжвала вызваленне ад нацысцкіх войскаў паўночнай часткі Францыі. У дэсанце прымалі ўдзел каля 150 тыс. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.