Малітва аб міры пройдзе на тэрыторыі Ватыканскіх садоў
Малітва аб міры з
удзелам папы Францішка, ізраільскага і палестынскага лідэраў Шымона Перэса і Махмуда
Абаса, а таксама Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І, пройдзе вечарам 8 чэрвеня
2014 г. на тэрыторыі Ватыканскіх садоў. Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу з журналістамі
кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Першым для ўдзелу
ў малітоўнай сустрэчы ў Рым прыбудзе Патрыярх Барталамей І. Ён паселіцца ў Доме св.
Марты, а 7 чэрвеня 2014 г. узначаліць літургію у адным з праваслаўных храмаў Рыма.
8 чэрвеня 2014 г. каля 18.00 у Ватыкан прыбудуць Шымон Перэс і Махмуд Абас.
З кожным з іх Папа правядзе прыватную сустрэчу, пасля чаго ўсе разам адправяцца на
аўтобусе на тэрыторыю Ватыканскіх садоў. На трохкутнай плошчы недалёка ад Папскай
акадэміі навук і Ватыканскіх музеяў будзе падрыхтавана месца для малітвы, распавёў
кс. Ламбардзі. Яе галоўныя ўдзельнікі размесцяца ў частцы плошчы, скіраванай у бок
базыліцы св. Пятра.
Малітва пачнецца з выканання музычнага твору і кароткага
ўступнага слова адносна сэнсу падзеі. Затым прадстаўнікі юдаізма, хрысціянства і іслама
па чарзе будуць чытаць тэксты з падзякай Богу за дар стварэння, просьбай аб прабачэнні
і заклікам да міру. Юдэйскі тэкст будзе прачытаны на іўрыце, хрысціянскі – па англійску,
італьянску і арабску, мусульманскі – таксама па арабску. Паміж кожнай з малітваў музыканты
будуць выконваць творы, характэрныя для кожнай з трох рэлігій.
Затым, пасля
кароткага каментара, возьмуць слова Святы Айцец, Шымон Перэс і Махмуд Абас. Кожны
з іх папросіць Бога аб міры асабіста. На заканчэнне сустрэчы прысутныя абмяняюцца
знакам супакою і пасадзяць аліўнае дрэва. Пасля супольнага фатаграфавання палестынскі
і ізраільскі лідэры пакінуць Ватыкан, а Папа і Патрыярх Канстантынопальскі вернуцца
ў Дом св. Марты.