2014-06-05 11:47:19

Папа: мы павінны бачыць і шанаваць глыбокія раны на сэрцах армян


RealAudioMP3 5 чэрвеня 2014 г. папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з Каталікосам Кілікійскім Армянскай Апостальскай Царквы Арамам І. Пантыфік высока ацаніў яго намаганні па асягненні адзінства паміж хрысціянамі і дапамогу Радзе Цэркваў Блізкага Усходу, якая, на думку Пантыфіка, выконвае каштоўную ролю у падтрымцы хрысціянскіх супольнасцяў рэгіёна, падвергнутых шматлікім выпрабаванням. Таксама каштоўным з’яўляецца ўдзел іерарха і прадстаўнікоў Кілікійскага Каталікасата ў працы Змешанай камісіі па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. “Ваша Святасць прадстаўляе частку хрысціянскага свету, глыбока пазначанага гісторыяй выпрабаванняў і пакутаў, з адвагай прынятых з любові да Бога. Армянская Апостальская Царква была вымушана стаць пілігрымуючым народам, асаблівым чынам перажываючым уласны шлях у накірунку Божага Валадарства. Гісторыя эміграцыі, пераследаў і мучаніцтва шматлікіх вернікаў пакінула глыбокія раны ў сэрцах усіх армян. Мы павінны іх бачыць і шанаваць, як раны на целе самаго Хрыста. Менавіта таму яны і з’яўляюцца матывам непарушнай надзеі і даверу да прадбачлівай міласэрнасці Айца”, - сказаў Пантыфік.

Давер і надзея – вось чаго, на думку Папы, патрабуюць вызнаўцы Хрыста на Блізкім Усходзе, якія жывуць на тэрыторыях, пазначаных канфліктамі і насіллем. Іх патрабуюць таксама хрысціяне, якія, хоць і не перажываюць такога роду цяжкасцяў, часта рызыкуюць згубіцца ў пустыні абыякаваці і забыцця на Бога.

Пасля сустрэчы і абмену падарункамі Францішак і Арам І супольна маліліся ў капліцы Апостальскага палацу.

Кілікійскі Каталікасат, галоўная сядзіба якога знаходзіццаў Антэліясе, недалёка ад ліванскага Бейрута, з’яўляецца часткай Армянскай Апостальскай Царквы. Ён прызнае ганаровае першынства Эчміадзінскага Каталікасата, кіраўніком якога з’яўляецца Каталікос ўсіх Армян і Вярхоўны Патрыярх Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгін ІІ. З апошнім папа Францішак сустракаўся ў Ватыкане 8 мая 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.