2014-06-04 12:33:22

Святы Пасад арганізуе канферэнцыю, прысвечаную душпастырству цыган


RealAudioMP3 “Касцёл і цыгане. Абвяшчаць Евангелле на перыферыях” – так гучыць тэма ватыканскай сустрэчы прадстаўнікоў епіскапатаў і нацыянальных кіраўнікоў душпастырства цыган. Форум, арганізаваны Папскай радай пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, пройдзе 5-6 чэрвеня 2014 г. Удзельнікі прыедуць з 26 краін Амерыкі, Азіі і Еўропы. Сярод іх 10 біскупаў, 16 нацыянальных дырэктараў (святароў, законных сясцёр і свецкіх вернікаў) і 22 экспераў. 5 чэрвеня яны сустрэнуцца са Святым Айцом.

Сустрэча мае дзве галоўныя мэты: падагульніць душпастырскую працу Касцёла на карысць цыган і падрыхтавацца да 50-годдзя візіту Паўла VI у Памэцыю, з нагоды міжнароднай пілігрымкі цыган, які падкрэсліў адкрыццё Касцёла да цыганскага народа. Удзельнікі будуць размаўляць пра новыя стратэгіі, шляхі і метады для адказу на змены, якія закранулі сацыяльную і духоўную складаючую жыцця гэтага народа.

Душпастырскі клопат пра цыган сістэматычна ажыццяўляецца ў 24 краінах па ўсім свеце, асабліва ў Еўропе, ЗША, Бразіліі, Аргентыне, Індыі і Бангладэш, дзе ў хрысціянскіх супольнасцях працуюць святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы цыганскай народнасці. У сваім паведамленні Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў адзначае, што важным знакам з’яўляецца павелічэнне колькасці святароў і законнікаў цыган. Іх на гэты момант у свеце каля 170.







All the contents on this site are copyrighted ©.