2014-06-04 13:27:15

На імшы з Папам прысутнічаў сусветнавядомы пастар-канвертыт


RealAudioMP3 У ранішняй св. Імшы, якую Папа цэлебраваў 3 чэрвеня 2014 г. у капліцы Дому св. Марты, узяў удзел Ульф Экман, заснавальнік і кіраўнік адной з найбуйнейшых пяцідзясятніцкіх супольнасцяў Швецыі. 21 мая 2014 г. ён быў прыняты разам са сваёй жонкай у Каталіцкі Касцёл. Пасля Эўхарыстыі адбылася яго кароткая размова з Францішкам. Пантыфік пацікавіўся, у прыватнасці, лёсам вернікаў, для якіх як заснавальнік супольнасці быў пастырам. У інтэрв’ю для Ватыканскага радыё Экман распавёў пра дылемы, звязаныя з канверсіяй і адмовай ад супольнасці.

“Год таму для мяне настаў вырашальны момант, - сказаў былы пастар. - Я ведаў, што павінен прыняць рашэнне, і адчуваў, што Пан кліча мяне. Раней я адкладаў рашэнне менавіта праз супольнасць, людзей, якія былі давераны маёй апецы. Але ў рэшце рэшт прыйшоў да высновы, што калі Пан кліча мяне, я павінен яму давяраць, паверыць, што Ён паклапоціцца пра гэта. Таму што інакш, я ніколі не буду ў стане зрабіць гэты крок, я буду ў турме”.

Экман прызнаўся, што лідэры яго былой супольнасці за апошнія гады прайшлі вялікі экуменічны шлях, хоць “і не зайшлі так далёка”, як ён. Яны былі некалькі разоў у Рыме, таму што сам былы пастар хацеў, каб яны зразумелі яго рашэнне. Ён лічыць, што шмат хто з яго былых паплечнікаў хоць не падзяляе іх з жонкай кроку, разумее і паважае яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.