2014-06-04 15:29:49

Ватыканская фінансавая структура размясцілася ў фартыфікацыйнай вежы


RealAudioMP3 Нядаўна створаны папам Францішкам Сакратарыят па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы размясціўся у самай высокай кропцы Ватыканскіх садоў – у сярэдневечнай вежы св. Яна, недалёка ад грота Маці Божай Лурдскай і былога кляштару “Mater Ecclesia”, дзе пражывае Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI. Упершыню ў гісторыі ў гэтай фартыфікацыйнай пабудове размешчана дыкастэрыя Святога Пасаду. Вежа св. Яна была пабудавана ў 848 г., падчас пантыфікату Льва IV, як частка комплексу абарончых пабудоў і сценаў, якімі ў той час была абнесена тэрыторыя ватыканскага пагорку, на выпадак абароны ад знешніх захопнікаў. Цікава, што Інстытут рэлігійных спраў, вядомы як Ватыканскі банк, размяшчаецца таксама ў фартыфікацыйнай пабудове таго самага перыяду – у вежы Мікалая V, ва ўсходняй частцы Ватыкана.

На працягу многіх стагоддзяў вежа св. Яна знаходзілася ў занядбаным стане. Яе рэстаўрацыя пачалася ў 1962 г. па ініцыятыве св. Яна XXIII. Пантыфік зрабіў яе сваёй летняй рэзідэнцыяй і быў адзіным Папам, які праводзіў тут час адпачынку. У наступныя гады вежа выкарыстоўвалася для прыёму высокіх гасцей. Тут Павел VI прымаў патрыярха Афінагора ў 1967 г. Падчас рэстаўрацыі папскіх апартаментаў у Апостальскім палацы ў 1979 г. тут некаторы час жыў св. Ян Павел ІІ. У 2008 г. Бэнэдыкт XVI абраў гэта месца для сустрэчы з Прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам.








All the contents on this site are copyrighted ©.