2014-06-03 13:34:58

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з удзельнікамі праваслаўна-каталіцкага форума


RealAudioMP3 3 чэрвеня 2014 г. з удзельнікамі IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форума, які праходзіць у Мінску, сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Палітык адзначыў, што Беларусь застанецца прыхільнай да міжнароднага міру і нацыянальнага спакою, а праваслаўна-каталіцкі форум абавязвае з большай старанасцю падыходзіць да іх захавання. Беларусь унікальна тым, што яе гісторыя не азмрочана рэлігійнымі войнамі, падкрэсліў Прэзідэнт краіны і дадаў, што праваслаўе і каталіцтва вызначылі менталітэт і нацыянальны характар беларусаў. Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб форум паспрыяў умацаванню ўзаемадзеяння паміж людзьмі розных канфесій і поглядаў, дапамог ім знаходзіць кропкі сутыкнення шляхам дыскусіі і плённага дыялогу, паведамляе агенцтва “Белта”.

Беларускі лідэр падкрэсліў, што на сучасным этапе ніводны народ ці канфесія не могуць жыць замкнуўшыся ў сябе. “Глабальныя задачы, якія стаяць сёння перад чалавецтвам, можна вырашыць толькі супольна”, - адзначыў ён.

Палітык прызнаў, што маральная дэфармацыя, якая адзначаецца ў заходнееўрапейскіх грамадствах закранула таксама і беларускі народ. “Перад беларускім грамадствам стаяць такія ж сур’ёзныя задачы, як і перад любой еўрапейскай краінай. Нам неабходна ўмацаванне маральнасці і высокай духоўнасці”, - адзначыў ён і заклікаў памятаць, што менавіта хрысціянскае светаўяўленне з’яўляецца галоўным культураўтваральным фактарам, які сфарміраваў еўрапейскую цывілізацыю, а вырашэнне многіх, жыццёваважных пытанняў немагчыма без актыўнага ўдзелу праваслаўных і католікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.