2014-06-03 11:29:33

Папа: Езус моліцца за нас паказваючы свае раны Айцу


RealAudioMP3 Езус моліцца за кожнага з нас, паказваючы Айцу свае раны, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты 3 чэрвеня 2014 г. Пантыфік падкрэсліў, што Хрыстус – наш абаронца, і заступаецца за нас нават калі мы гэтага не ўсведамляем ці шмат грашым. Сённяшнія літургічныя чытанні, паводле Папы, прадстаўляюць нагоду, каб падумаць пра Яго малітву заступніцтва. Езус, перад тым як пайсці ў Аліўны сад, напярэдадні мукі, звярнуўся да Айца з такімі словамі: “Я прашу за іх”, заўважыў Папа. “Езус просіць за нас”, - адзначыў ён і падкрэсліў, што Хрыстус просіць Бога не за свет, але “за нас” – “просіць за свой Касцёл”. “Апостал Ян, думаючы пра гэта і нагадваючы нам, што з’яўляемся вялікімі грэшнікамі, кажа: не грашыце, а калі хто ж зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом, які за нас моліцца, абараняе перад Айцом, апраўдвае нас. Я думаю, мы павінны шмат думаць пра гэту праўду, гэту рэчаіснасць: у гэты момант Езус моліцца за мяне”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў прасіць Езуса аб малітве, калі маем праблемы ў розных сітуацыях: у парафіі, дома, у сям’і. “А як сёння моліцца Езус? Я думаю што не кажа шмат Айцу”, - адзначыў Папа.

“Ёсць нешта, што Езус робіць сёння. Я перакананы, што Ён так робіць. Ён паказвае Айцу свае раны, і просіць за нас нібыта кажучы: “Ойча, гэта іх кошт! Дапамажы ім, абарані іх. Яны Твае дзеці, якіх Я збавіў праз гэта. Бо інакш не зразумела, чаму Езус пасля ўваскрасення меў хвалебнае і цудоўнае цела, на якім не было сінякоў і слядоў ад бічавання, але былі раны. Пяць ранаў. Чаму Езус захацеў забраць іх на Неба? Каб маліцца за нас. Каб паказваць Айцу кошт: “гэта кошт, і зараз не пакідай іх саміх. Дапамажы ім”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў памятаць пра такую малітву Езуса і калі ў патрэбах і праблемах, прасіць Хрыста маліцца да Айца такім чынам.








All the contents on this site are copyrighted ©.