Пантыфік: не пражываць маладосць для сябе, але прысвяціць абвяшчэнню Евангелля
Да новай місійнасці,
умацаванай адзінствам, заклікаў папа Францішак членаў каталіцкага харызматычнага руху
“Абнаўленне ў Святым Духу”, з якімі сустрэўся на рымскім Алімпійскім стадыёне 1 чэрвеня
2014 г. На супольную малітву з Пантыфікам сабраліся каля 52 тыс. чалавек. Звяртаючыся
да вернікаў Папа ў першую чаргу заклікаў не быць “кантралёрамі ласкі”, “мытнікамі
для Святога Духа”, але дазволіць Богу дзейнічаць там дзе ён жадае. Крыніца такой адкрытасці,
на яго думку, павінна быць у адарацыі Пана. “Гэта ваш шлях: евангелізацыя, духоўны
экуменізм, клопат пра бедных і патрабуючых і адкрытасць на маргіналізаваных. І ўсё
гэта на аснове адарацыі. Фундамент абнаўлення – адарацыя Бога!”, сказаў ён. Пантыфік
адзначыў важнасць адзінства ўнутры руху, таму што падзелы паходзяць ад злога. “Пазбягайце
ўнутранай барацьбы, калі ласка”, - заклікаў ён. Не застаўся па-за ўвагай Святога Айца
і абавязак “выходзіць” насустрач іншым. “Набліжайцеся да бедных і дакранайцеся рукамі
да параненага цела Езуса. Дазвольце Святому Духу весці вас, са свабодай, і калі ласка
не закрывайце Святога Духа ў клетцы”, - пажадаў Пантыфік.
Францішак з самаіроніяй
прызнаўся, што да таго моманту пакуль не стаў духоўным кіраўніком руху “Абнаўленне
ў Святым Духу” у Аргентыне, лічыў яго “школай самбы”. Папа адзначыў, што на самой
справе рух з’яўляецца “вялікай сілай на службе абвяшчэнню Евангелля”.
Падчас
сустрэчы на Алімпійскім стадыёне, Святы Айцец паразмаўляў з прысутнымі вернікамі.
Звяртаючыся да аднаго з маладых людзей, Папа адзначыў, што маладосць даецца для таго,
каб “рызыкаваць з надзеяй” і “патраціць яе на вялікія рэчы”. “Маладосць – для таго,
каб аддаць яе на карысць знаёмства іншых з Панам. Не пражывайце для сябе сваю маладосць:
ідзіце наперад”, - заклікаў Святы Айцец.