Францішак: біскуп павінен служыць і пазбягаць славалюбства
Біскуп павінен служыць
і пазбягаць марнасці, адзначыў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы
св. Пятра 30 мая 2014 г. Падчас літургіі Пантыфік удзяліў біскупскую сакру нядаўна
прызначанаму падсакратару Сінода Біскупаў кс. Фабіа Фабэнэ. У сваёй гаміліі ён нагадаў,
што біскупства – гэта назва служэння, а не ганаровага тытулу. “Біскупу належыць больш
служыць, чым панаваць, паводле запаведзі Настаўніка: “Большы сярод вас няхай будзе
як меншы, а правадыр – як слуга”, - сказаў Папа. Францішак нагадаў, пра “высокую касцёльную
адказнасць да якой пакліканы біскуп” і заклікаў: “Няхай ніколі ў табе не будзе славалюбства
і пыхі. Няхай тваімі паводзінамі заўсёды будзе служэнне”. "Чувай над самім сабой і
над сваім народам. Гэта чуванне патрабуе пільнасці, увагі, каб бараніць самаго сябе
ад многіх грахоў і ад марных паводзінаў, і каб бараніць народ Божы ад ваўкоў, якія,
паводле св. Паўла, прыйдуць”, - заклікаў Святы Айцец.
Біскуп Фабіа Фабэнэ быў
прызначаны падсакратаром Сінода Біскупаў 8 лютага 2014 г. Ён належыць да духавенства
італьянскай дыяцэзіі Вітэрба і з’яўляецца спецыялістам у галіне кананічнага права.
З 1998 г. працаваў у Кангрэгацыі па справах Біскупаў.