Святы Айцец сустрэнецца з армянскім Каталікосам Арамам І
Папа Францішак прыме
на аўдыенцыі Каталікоса Армянскай Апостальскай Царквы Арама І, які будзе прабываць
з візітам у Рыме 3-6 чэрвеня 2014 г. Армянскі іерарх наведае Папскую рады спрыяння
хрысціянскаму адзінству і некаторыя іншыя дыкастэрыі Рымскай Курыі. Ён памоліцца каля
магілы св. Пятра і ўшануе статую св. Грыгорыя Асветніка ўстаноўленую ў паўночным дворыку
ватыканскай базылікі. Аўдыенцыя ў Святога Айца адбудзецца 5 чэрвеня. Пасля кароткай
прыватнай размовы Пантыфік і Каталікос супольна памоляцца. Арам І, з 1995 г., з’яўляецца
кіраўніком Армянскай Апостальскай Царквы Кілікійскага Каталікасата, сядзіба якога
знаходзіцца ў Антэліасе, недалёка ад ліванскага Бейрута. Ён аднойчы сустракаўся з
Янам Паўлам ІІ і двойчы з Бэнэдыктам XVI.
Кілікійскі Каталікасат з’яўляецца
часткай Армянскай Апостальскай Царквы. Ён прызнае ганаровае першынства Эчміадзінскага
Каталікоса ўсіх Армян і Вярхоўнага Патрыярха Армянскай Апостальскай Царквы, якім з’яўляецца
Гарэгін ІІ. З апошнім папа Францішак сустракаўся ў Ватыкане 8 мая 2014 г. Падчас гэтай
аўдыенцыі Святы Айцец, нагадаў пра мучаніцтва армянскіх вернікаў на працягу ХХ ст.“Экуменізм
пакутаў, экуменізм мучаніцтва, экуменізм крыві – гэта моцны заклік, каб ісці шляхам
паяднання паміж Цэрквамі, з рашучасцю і даверлівай адданасцю дзейнасці Святога Духа”,
- казаў папа Францішак.