2014-05-31 14:19:51

Папа да італьянскіх школьнікаў: лепшы свет будуецца з дапамогай любові


RealAudioMP3 Лепшы свет немагчыма пабудаваць пры дапамозе нянавісці, але толькі дзякуючы сіле любові, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з дзецьмі з бедных і праблемных сем’яў, якія ўдзельнічалі ў ініцыятыве Папскай рады па культуры “Падворак дзяцей”. У Ватыкан, “Дзіцячым цягніком” з Неапаля і Рыма прыбылі каля 500 школьнікаў, якія на працягу некалькіх папярэдніх месяцаў прымалі ўдзел у развіваючых майстар-класах, сустрэчах і забавах, арганізаваных пры катакомбах св. Януарыя ў Неапалі і св. Прысцылы ў Рыме. Кульмінацыяй іх удзелу ў ініцыятыве стала сустрэча з Пантыфікам. У праграме візіту ў Рым было таксама наведванне базылікі св. Пятра, Калізея і амфітэатра Флавія. Паводле арганізатараў паездкі, такая “культурная педагогіка” дазваляе перадаць моцныя чалавечыя і духоўныя пасланні дзецям. Сустрэча з папам Францішкам прайшла ў фае ватыканскай Залы Паўла VI. Дзеці акружылі Святога Айца, які размаўляў і ахвотна фотаграфаўся з імі. На развітанне Папа паабяцаў сваім маленькім гасцям маліцца, каб яны сталі людзьмі, якія нясуць у свет любоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.