2014-05-29 13:36:17

Архіепіскап Кентэрберыйскі прыедзе ў Ватыкан на сустрэчу з Папам


RealAudioMP3 Кіраўнік Англіканскай Царквы, архіепіскап Джасцін Уэлбі наведае Ватыкан 14-16 чэрвеня 2014 г. У апошні дзень візіту ў першай палове дня запланавана яго сустрэча з папам Францішкам. Візіт звязаны з сумеснай ініцыятывай па барацьбе з сучасным рабствам і гандлем людзьмі, распачатай у сакавіку. Пантыфік і архіепіскап ужо сустракаліся ў Ватыкане 14 чэрвеня 2013 г. Англіканскі іерарх маліўся ў той час ля магілы св. Пятра і – на асабістую просьбу – пры магіле Яна Паўла II.

Ініцыятыва, аб якой пойдзе гаворка падчас сустрэчы, уяўляе сабой платформу для міжрэлігійнага супрацоўніцтва і носіць назву “Global Freedom Network” (Глабальная сетка свабоды). Пагадненне, падпісанае ў Ватыкане 17 сакавіка 2014 г. прадстаўнікамі розных рэлігій і фондам “Walk Free”, заклікана дапамагчы ў барацьбе з сучаснымі формамі рабства і гандлю людзьмі. Удзельнікі ініцыятывы паставілі перад сабой мэту ліквідаваць гэтыя з’явы на планеце да 2020 г.

Адным з ініцыятараў стварэння сеткі з’яўляецца Каталіцкі Касцёл. Ад імя Святога Айца свой подпіс на дакуменце паставіў біскуп Марсэла Санчэс Саронда, канцлер Папскай акадэміі навук. Акрамя таго, пад дэкларацыяй ёсць подпісы прадстаўнікоў вялікага імама каірскага ўніверсітэту Аль-Азхар, Архіепіскапа Кентэрберыйскага і фонду “Walk Free”.

У Дэкларацыі падкрэсліваецца, што рабства і гандаль людзьмі з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці. Фізічная, эканамічная і сексуальная эксплуатацыя мужчын, жанчын і дзяцей закранае амаль 30 млн. чалавек. Удзельнікі ініцыятывы заклікаюць усіх вернікаў, кіраўнікоў краін і людзей добрай волі разам працаваць для вырашэння гэтай праблемы.







All the contents on this site are copyrighted ©.