2014-05-28 11:47:15

Прашу прабачэння за тое, што прывяло да падзелаў паміж хрысціянамі


RealAudioMP3 Папа Францішак папрасіў прабачэння за крокі Каталіцкага Касцёла, якія ўмацавалі падзел паміж хрысціянамі, і за раны, нанесеныя іншым хрысціянскім супольнасцям. Падчас агульнай аўдыенцыі 28 мая 2014 г. Пантыфік падзяліўся ўражаннямі ад апостальскага падарожжа на радзіму Хрыста, якое здзейсніў 24-26 мая 2014 г. У першую чаргу, ён нагадаў, што галоўная мэта гэтай пілігрымкі была звязана з адзначэннем 50-годдзя гістарычнай сустрэчы паміж папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам. Гаворка ідзе пра першы візіт Рымскага Пантыфіка ў Святую Зямлю, які даў пачатак усім іншым папскім візітам за межы Італіі. “Гэты прароцкі жэст Біскупа Рыма стаў важным этапам у пакутным, але шматабяцальным шляху да адзінства паміж усімі хрысціянамі, на якім, з таго часу былі зроблены значныя крокі. Таму, мая сустрэча з Яго Святасцю Барталамеем І, умілаваным братам у Хрысце, стала кульмінацыяй гэтага візіту. Мы супольна маліліся пры магіле Езуса, а разам з намі былі праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Тэафіл ІІІ і Патрыярх Армянскай Апостальскай Царквы Нурхан, а таксама архіепіскапы і епіскапы іншых Цэркваў і супольнасцяў, прадстаўнікі грамадзянскіх уладаў і многія вернікі”, - нагадаў Папа.

Францішак адзначыў, што ўдзельнікі малітвы ў базыліцы Гробу Пана адчулі заклік Хрыста да адзінства і вырашылі з рашучасцю крочыць у накірунку гэтай мэты. “У гэтым месцы, дзе загучала навіна аб уваскрасенні, мы адчулі ўсю горыч і боль падзелаў, якія працягваюць існаваць паміж вучнямі Хрыста (...); але, перш за ўсё, падчас гэтага набажэнства, напоўненага ўзаемным братэрствам, павагай і любоўю, мы адчулі моцны голас Уваскроскала Добрага Пастыра, які хоча сабраць усіх сваіх авечак у адзіны статак. Мы адчулі жаданне залячыць яшчэ адкрытыя раны і з настойлівасцю працягваць шлях да поўнага адзінства. Яшчэ раз, як рабілі мае папярэднікі, прашу прабачэння за тое, што мы зрабілі, каб адбыўся гэты падзел, і прашу Святога Духа дапамагчы залячыць раны, якія мы нанеслі братам”, - сказаў Пантыфік.

Іншая мэта падарожжа папы Францішка на радзіму Езуса заключалася ў падтрымцы мірных ініцыятыў на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў, што як пілігрым наведаў Іарданію, Палестыну і Ізраіль, несучы ў сэрцы вялікае спачуванне да сыноў гэтай зямлі, якія ўжо на працягу доўгага часу жывуць ва ўмовах вайны і “маюць права нарэшце ўбачыць дні міра”.

“Таму я заклікаў хрысціянскіх вернікаў, з адкрытым і паслухмяны сэрцам дазволіць Святому Духу “намасціць” сябе, каб станавіцца ўсё больш і больш здольнымі да жэстаў пакоры, братэрства і прымірэння. Святы Дух дазваляе рабіць гэтыя жэсты ў штодзённым жыцці адносна асоб розных культур і рэлігій, і, такім чынам, станавіцца стваральнікамі міру. Мір будуецца ўласнаручна – не існуе індустрыі міру. Ён будуецца штодзённа, уласнаручна, з сэрцам адкрытым на прыход дару Божага”, - падкрэсліў Папа.

Францішак прызнаўся, што быў асабліва ўражаны дзейнасцю іарданскіх уладаў на карысць міру ў рэгіёне і дапамогі бежанцам. Ён нагадаў, што запрасіў у Ватыкан на супольную малітву за мір прэзідэнтаў Палестыны і Ізраіля. Асаблівым чынам Папа падкрэсліў дзейнасць хрысціянскіх супольнасцяў у Святой Зямлі, якія, працуючы ў адукацыйнай і медыцынскай сферах, спрыяюць паяднанню і прабачэнню, робячы ўнёсак у супольнае дабро грамадстваў рэгіёну.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што падыходзіць да завяршэння май – месяц, традыцыйна прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Ён заклікаў моладзь пастаянна шукаць падтрымкі ў Маці Божай, хворых – углядаючыся ў Яе прыклад, несці свой штодзённы крыж, а маладых сужонкаў – імкнуцца, каб іх сем’і станавіліся хатнімі агменямі малітвы і ўзаемнага разумення.








All the contents on this site are copyrighted ©.