2014-05-27 10:34:39

Святы Айцец абвясціў аб сваіх двух падарожжах у Азію


RealAudioMP3 Папа Францішак абвясціў свае два бліжэйшыя замежныя падарожжы. Абодва завядуць яго ў Азію. Выступаючы перад журналістамі 26 мая 2014 г. на борце самалёта падчас зваротнага шляху з Ізраіля ў Рым, Святы Айцец прызнаўся, што ў дадатак да ўжо абвешчанага візіту ў Паўднёвую Карэю, у жніўні 2014 г., запланавана яго двухдзённая паездка ў Шры-Ланку і на Філіпіны. Яна пройдзе ў студзені 2015 г. года. На Філіпінах Папа наведае раёны, пацярпелыя ад тайфуна Хаян, які прайшоў праз краіну ў пачатку лістапада 2013 г. і забраў больш за 5 тыс. жыццяў. Гэта быў самы моцны ў гісторыі метэаралогіі цыклон, які калі-небудзь прыходзіў на мацярык. Аб тым, што Пантыфік можа наведаць раёны, пацярпелыя ад тайфуна, гаварыў у студзені 2014 г. Мітрапаліт Пала арцыбіскуп Джон Ду пасля сустрэчы з старшынёй Папскай рады „Cor Unum”, кардыналам Раберам Сара, які знаходзіўся з візітам на Філіпінах.

У сваю чаргу, візіт Папы ў Шры-Ланку будзе спрыяць нацыянальнаму прымірэнню пасля збройнага канфлікту паміж таміламі і сінгаламі, які працягваўся з 1983 па 2009 гг.. Таксама мясцовы Касцёл мае надзею на кананізацыю бл. Джозэфа Ваза, які быў беатыфікаваны св. Янам Паўлам II падчас яго візіту ў Шры-Ланку ў 1995 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.