2014-05-27 11:23:50

Папа патлумачыў сваю пазіцыю адносна Пантыфікаў-пенсіянераў


RealAudioMP3 Пра магчымасць адстаўкі пыталі Францішка журналісты 26 мая 2014 г. у самалёце на зваротным шляху ў Рым пасля яго пілігрымкі ў Святую Зямлю, што праходзіла з 24 па 26 мая 2014 г. “Зраблю ўсё, што Пан Бог скажа мне зрабіць”, - адказаў Святы Айцец, дадаўшы, што Божую волю трэба шукаць у малітве. “Бэнэдыкт XVI ужо больш не меў сіл, і шчыра, як чалавек веры і сціпласці, прыняў такое рашэнне. Шэсцьдзесят гадоў таму не было нават біскупаў-пенсіянераў. Што будзе адбывацца з Папамі-пенсіянерамі? Мы павінны глядзець на Бэнэдыкта XVI як на інстытут – ён адчыніў дзверы для Пантыфікаў-пенсіянераў. Дзверы адчыненыя, але толькі Бог ведае, ці будуць іншыя, ці не”, - патлумачыў Святы Айцец. На яго думку, “Біскуп Рыма, які адчувае, што траціць сілы, павінен задаваць сабе тыя ж пытанні, што і Бэнэдыкт XVI”. Размова Пантыфіка з журналістамі была вельмі шчырай і адкрытай. Прагучалі розныя, часам вельмі вострыя, пытанні.

Супрацоўнікі СМІ запыталіся пра будучыню цэлібата ў Рыма-каталіцкім Касцёле. “Цэлібат – гэта не дагмат веры, але правіла жыцця”, - сказаў Францішак. Папа дадаў, што ён асабіста вельмі цэніць цэлібат і лічыць, што ён з’яўляецца “дарам для Касцёла”. Аднак, паколькі ён не з’яўляецца дагматам веры, “дзверы заўсёды адчыненыя”. Францішак нагадаў аб тым, што ў Каталіцкім Касцёле ёсць жанатыя святары – ва ўсходніх абрадах.

Прагучала пытанне аб сексуальных злоўжываннях святароў адносна непаўналетніх. Пантыфік паведаміў, што у пачатку чэрвеня ён сустрэнецца з групай ахвяр педафіліі святароў і адправіць для іх Эўхарыстыю ў капліцы Дому св. Марты. Ён паведаміў, што ў дадзены момант вядзецца расследаванне адносна трох біскупаў, абвінавачаных у педафіліі. Адзін з іх ужо быў асуджаны, але яшчэ не прынята рашэнне адносна пакарання. Святы Айцец падкрэсліў, што ў тэме злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх “не будзе прывілеяваных”, адносна ўсіх будзе прымяняцца прынцып “нуль цярпімасці”.

“Ксёндз, які здзяйсняе злоўжыванне, здраджвае цела Пана – Касцёл. Святар павінен весці хлопчыка або дзяўчынку да святасці. Дзіця давярае яму. І замест таго, каб прывесці да святасці, ён выкарыстоўвае іх. Гэта вельмі сур’ёзна. Гэта, як адправіць “чорную імшу”! Замест таго, каб прывесці дзіця да святасці, ён вядзе яго да праблемы, якая будзе доўжыцца ўсё жыццё”, - растлумачыў сваю пазіцыю Папа.







All the contents on this site are copyrighted ©.