2014-05-26 12:46:42

Пантыфік да Прэзідэнта Ізраіля: іерусалімскія храмы не павінны стаць музеямі


RealAudioMP3 Папа Францішак падзякаваў Прэзідэнту Ізраіля Шымону Перэсу за яго намаганні на карысць міру. 26 мая 2014 г. Пантыфік наведаў Прэзідэнцкі палац у Іерусаліме. Тут разам з ізраільскім лідэрам ён пасадзіў аліўнае дрэва – сімвал міру. Звяртаючыся да сабраных, Папа адзначыў важнасць Іерусаліма для вызнаўцаў трох монатэістычных рэлігій – юдаізма, хрысціянства і іслама. Мясцовыя святыні не павінны стаць музеямі або помнікамі для турыстаў, але месцамі, дзе супольнасці могуць жыць сваёй верай, культурай і дабрачыннасцю, адзначыў Папа. Францішак заклікаў захаваць іх сакральнасць, клапоцячыся такім чынам не толькі пра мінулае, але і пра людзей, якія наведваюць гэтыя святыя месцы, пра турыстаў, пілігрымаў і мясцовых жыхароў, якія павінны мець магчымасць свабоднага ўваходу ў іх і ўдзелу ў набажэнствах. Папа нагадаў пра тое, што і юдэі, і хрысціяне, і мусульмане шануюць годнасць чалавечай асобы, вераць, што чалавек створаны Богам і прызначаны для вечнага жыцця. У сувязі з гэтым, Францішак заклікаў змагацца з насіллем і тэрарызмам, дыскрымінацыяй на расавай ці рэлігійнай глебе, імкненнем навязаць свой пункт гледжання іншым, антысемізмам, неталерантнасцю ў адносінах да людзей і зневажаннем культавых месцаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў Ізраілі жывуць і працуюць многія хрысціянскія супольнасці. Яны, як неад’емная частка ізраільскага грамадства, жадаюць рабіць свой унёсак на карысць супольнага дабра краны, прымірэння і згоды, падкрэсліў Папа.

Пасля сустрэчы з ізраільскім Прэзідэнтам Папа накіруецца ў Папскі інстытут “Notre Dame of Jerusalem Center”, які займаецца апекай над французскімі пілігрымамі ў Святой Зямлі, дзе сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху.








All the contents on this site are copyrighted ©.