Святы Айцец: хрысціяне – неад’емная частка блізкаўсходніх грамадстваў
Папа Францішак нагадаў,
што хрысціяне жывуць на тэрыторыі Іарданіі яшчэ з “апостальскіх часоў” і робяць свой
каштоўны ўнёсак на карысць супольнага дабра краіны. Святы Айцец звярнуўся 24 мая 2014
г. да больш чым 300 прадстаўнікоў кіраўніцтва іарданскага каралеўства, членаў дыпламатычнага
корпусу і рэлігійных лідэраў, з якімі сустрэўся ў Каралеўскім палацы ў Амане. Паводле
Пантыфіка, вызнаўцы Хрыста з’яўляюцца неад’емнай часткай грамадстваў блізкаўсходняга
рэгіёну і жадаюць удзельнічаць у іх будаванні разам са сваімі мусульманскімі суграмадзянамі.
Нягледзячы на сваю нешматлікасць, хрысціяне ажыццяўляюць сваю каштоўную дзейнасць,
перш за ўсё, у адукацыйнай і медыцынскай сферах, у школах і бальніцах, нагадаў Францішак.
Ён пажадаў, каб на Блізкім Усходзве і ва ўсім свеце яны маглі спакойна вызнаваць сваю
веру.Папа выказаў падзяку іарданскім уладам за шчодрую гасцінасць, аказаную вялікай
колькасці бежанцаў з Палестыны, Іраку, Сірыі і іншых краін. “Такая гасціннасць заслугоўвае
на павагу і падтрымку міжнароднай супольнасці”, - сказаў ён і дадаў, што Касцёл таксама,
паводле сваіх магчымасцяў, намагаецца дапамагаць бежанцам і ўсім, хто мае ў гэтым
патрэбу.
Асаблівую падзяку Пантыфік скіраваў каралю Іарданіі Абдале ІІ за
спрыянне “адпаведнаму разуменню каштоўнасцяў, якія абвяшчаюцца ісламам, і спакойнаму
суінаванню паміж вернікамі розных рэлігій”. Францішак высока ацаніў ініцыятывы Іарданіі
на карысць міжрэлігійнага дыялогу і большага ўзаемаразумення паміж юдэямі, хрысціянамі
і мусульманамі.
Святы Айцец адзначыў уклад іарданскіх уладаў у пошуку шляхоў
устанаўлення трывалага міру ва ўсім блізкаўсходнім рэгіёне і падкрэсліў, што ў гэтым
кантэксце, як ніколі, неабходным і тэрміновым з’яўляецца мірнае вырашэнне сірыйскага
крызісу і справядлівае рашэнне ізраільска-палестынскага канфлікту.