2014-05-24 13:26:32

Папа прыбыў у Іарданію – першы этап пілігрымкі ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Папа Францішак прыбыў 24 мая 2014 г. у Аман, дзе пройдзе першы этап яго пілігрымкі ў Святую Зямлю. Самалёт “Airbus A321” авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце іарданскай сталіцы незадоўга да 13.00 па мясцовым часе. Вітаў Святога Айца князь Газі, які прадстаўляў караля Абдалу II; Лацінскі Патрыярх Іерусаліма Фуад Туаль; кусташ Святой Зямлі, айцец П’ербаціста Піцабала; Апостальскі нунцый Джорджа Лінгуа і іншыя прадстаўнікі грамадзянскіх і рэлігійных уладаў. Іарданскія хлопчык і дзяўчынка ўручылі Францішку чорную архідэю, сімвал Іарданскага каралеўства. 200 дзяцей на лётным полі трымалі ў руках іарданскія і ватыканскія сцягі, яшчэ 2000 юнакоў і дзяўчат чакалі Папу за межамі будынка аэрапорта. Падчас палёту ў Аман Святы Айцец прывітаў журналістаў, якія размясціліся разам з ім у самалёце, падзякаваўшы ім за прысутнасць падчас пілігрымкі. Пантыфік падкрэсліў, што іх чакае цяжкая праца і таму паабяцаў маліцца, каб яна была выканана як мага лепш. Ён паведаміў, што падчас зваротнага рэйсу адкажа на пытанні журналістаў больш паглыбленна. У апошнім паведамленні на сваім акаўнце ў “Твітэры” Папа аднавіў запрашэнне да вернікаў “суправаджаць яго малітвамі падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю”.







All the contents on this site are copyrighted ©.