ХХ Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні ў Мінску: Еўропа патрабуе хрысціянскай душы
У Мінску распачаліся
ХХ Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні, прысвечаныя Дням славянскага пісьменства
і культуры. Удзел у мерапрыемстве прымаюць вядомыя тэолагі, філосафы, культуролагі,
гісторыкі і філолагі з Беларусі, Украіны, Германіі, Расіі і іншых краін, прадстаўнікі
Цэркваў і дзяржаўных уладаў Беларусі. Юбілейныя чытанні прысвечаныя тэме “Хрысціянства
ў еўрапейскай і сусветнай гісторыі”. Кіраўнік цэнтра міжнародных сувязяў “Інстытута
тэалогіі”, які праводзіць сімпозіум, Грыгорый Даўгяла адзначыў, што навуковы форум
мае таксама і практычнае напаўненьне.
“Усе тэмы нашых Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў
звязаныя ня толькі з тэарэтычнымі даследаваннямі ў галіне філасофіі, багаслоўя, рэлігіязнаўства,
але і практычнымі, грамадска-значнымі пытаннямі. Гэтак і цяперашняя канферэнцыя прысвечаная
аналізу вынікаў ХХ стагоддзя ў галіне богаслоўя і культуры пасля Першай Сусветнай
вайны. Гэтая падзея паўплывала на падзел ў развіцці цывілізацыі ў ХХ стагодздзі ўцэлым.
Гэта быў пэўны падзел і ў богаслоўі: менавіта тады богаслоўе павярнулася ў бок антрапалагічнай
тэматыкі – што такое чалавек, якія адносіны з Богам, чаму Бог дазваляе такія цярпенні
чалавека. Вось гэтыя пытанні сучаснага свету з ягонай глабалізацыяй будуць абмяркоўвацца
і дыскутавацца на гэтай канферэнцыі. Таму мы лічым яе актуальнай і важнай”, сказаў
ён.
Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла – сталыя ўдзельнікі Кірыла-Мятодаўскіх
чытанняў. Сёлета з прывітальным словам да ўдзельнікаў сімпозіўму звярнуўся Мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У прамове, якая прагучала ў кантэксце
галоўнай тэмы канферэнцыі, арцыпастыр адзначыў, што палітыка-эканамічнае развіццё
краін Еўропы без духоўных асноваў ня здолее задаволіць усе патрэбы і чаканні жыхароў
кантыненту, у тым ліку беларусаў. Сёння, як ніколі, еўрапейцы маюць патрэбу ў хрысціянскай
душы: ня толькі Еўрасаюз, увесь свет, але і наша краіна Беларусь. Важнае значэнне
ў практычнай рэалізацыі гэтай патрэбы мае таксама дзяржава, падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.
“Хрысціянства зрабіла вельмі вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры,
культуры нашай зямлі. Дастаткова толькі крыху праехаць па Беларусі, каб пабачыць колькі
знакаў хрысціянскай культуры, у тым ліку – каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай,
лютэранскай. Мы бачым касцёлы, цэрквы, кірхі, крыжы, фігуры, капліцы. Часам бачым
іх побач: крыжы каталіцкі і праваслаўны. Гэта ўсё знакі хрысьціянства і шматнацыянальнасці,
бо тут здаўна жылі людзі розных нацыянальнасцяў. Вядома, шмат што было знішчана і
зараз гэта варта было б сістэматызаваць і адрадзіць. Канешне, не ўсё магчыма аднавіць,
бо шмат чаго знішчана цалкам. Шмат дзе ёсць і касцёлы, і цэрквы, але вернікаў не засталося.
Мне падаецца, што дзяржава павінна больш дапамагаць, калі мы хочам захаваць гэтую
культуру. Каб гэтыя парэшткі, якія засталіся, маглі быць захаванымі надалей, бо яны
ўжо прыйшлі ў нягоднасць і працягваюць разбурацца. У тых месцах, дзе яшчэ ёсць такая
магчымасць, гэта неабходна адраджаць. Як прыклад таму – мы бачым як адраджаецца Будслаўская
святыня, Нясвіжская, іншыя святыні. Гэта памяць аб якой трэба клапаціцца, бо калі
мы забудземся на сваю гісторыю, то ў нас ня будзе будучыні. А хацелася, каб яна была”,
- адзначыў іерарх.
Тэмамі канферэнцый і круглых сталоў у рамках форуму
стануць таксама пытанні ўзаемаадносінаў Цэркваў і грамадства, Цэркваў і дзяржавы,
а менавіта – пашырэньне ўдзелу Цэркваў у грамадскім жыцці, у тым ліку выкладанне ўрокаў
рэлігіі ў школах. Таксама тэмай абмеркавання стане міжрэлігійны дыялог ў шматканфесійнай
прасторы Беларусі. Важнасьць міжканфесійнага добрасуседства, якое ў Беларусі было
здаўна, асабліва важнае значэнне набывае ў нашыя часы, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
“Знак таго, што мы знаходзімся тут разам, нагадвае аб тым добрым клімаце,
аб тым, аб чым марыў і заўсёды казаў св. Ян Павел ІІ, што Еўропа павінна дыхаць двумя
лёгкімі: Заходнім хрысціянствам і Усходнім хрысціянствам. І гэта прыклад для ўсяго
нашага грамадзтва, бо ў яго таксама ўліваюцца секулярныя тэндэнцыі праз інтэрнэт і
іншыя медыя. Але калі мы разам кажам, што мы за здаровы хрысціянскі лад жыцця, наш
голас становіцца мацнейшым. І спадзяёмся, што больш людзей зверне ўвагу на гэта”,
падкрэсліў Мітрапаліт.
Фотавыстава “Паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі:
сем’і і лёсы”, якая адклылася ў рамках ХХ Міжнародных Кірыла-Мяфодзьеўскіх чытанняў,
працягняе сваю працу і па завяршэнні форуму.