2014-05-22 13:28:47

Сікстынская капэла выступіць у Крамлі


RealAudioMP3 Хор Сікстынскай капэлы прыме ўдзел у некалькі канцэртах, арганізаваных Маскоўскім Патрырхатам. 25-27 мая 2014 г. адбудзецца “экуменічнае” падарожжа ватыканскага вакальнага калектыву ў сталіцу Расіі. Яго галоўнай мэтай стане супольная з Маскоўскім сінадальным хорам рэпетыцыя літургічных спеваў, якія абодва калектывы выканаюць падчас св. Імшы ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ватыкане. Гэту літургію 29 чэрвеня 2014 г. узначаліць папа Францішак.

У першы дзень прабывання ў Маскве хор Сікстынскай капэлы выступіць у архікатэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Раніцай 26 мая 2014 г. адбудзецца сумесная рэпетыцыя каталіцкага і праваслаўнага калектываў, а вечарам яны дадуць канцэрт сакральнай праваслаўнай і каталіцкай музыкі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. 27 мая у Вялікай Залі Маскоўскай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага ватыканскі хор прыме ўдзел у канцэрце духоўнай музыкі з нагоды пятай гадавіны абрання Патрыярха Кірыла кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы.

Маскоўскі Сінадальны хор, у сваю чаргу, здзейсніць візіт у Ватыкан 28-29 чэрвеня 2014. Гэты калектыў з’яўляецца адным з самых старажытных прафесійных хораў Расіі. Ён быў заснаваны ў 1721 г. і дзейнічаў да 1919 г. Адраджэнне калектыва адбылося ў 2009 г. па ініцыятые Патрыярха Маскоўскага і усяе Русі Кірыла.








All the contents on this site are copyrighted ©.