2014-05-21 12:10:25

У Ватыкане прадставілі сусветную манаскую ініцыятыву супраць гандлю людзьмі


RealAudioMP3 Практыка гандлю людзьмі па-ранейшаму набірае абароты. У некаторых частках свету ў цяперашні час яна больш даходная, чым абарот наркотыкаў. Паводле ацэнак, прыбытак гандляроў перавышае 32 млрд. амерыканскіх долараў у год. Гэтыя драматычныя даныя былі прыведзены на канферэнцыі, прэзентуючай у Ватыкане акцыю пад назвай “Гуляй для жыцця. Выяві практыку гандлю людзьмі”. Ініцыятыва звязана з Чэмпіянатам свету па футболе, які хутка распачнецца ў Бразіліі. Яе прасоўвае арганізацыя з біблійнай назвай “Talita kum”. Гэта сусветная манаская сетка па барацьбе з гандлем людзьмі. Яе прадстаўнікі нагадваюць, што масавыя спартыўныя мерапрыемствы з’яўляюцца не толькі вялікімі святамі, але і магчымасцю для выкарыстання людзей.

Каардынатар акцыі сястра Габрыэла Батані нагадала, што ў Бразіліі з’ява гандлю людзьмі вельмі распаўсюджаная. Ахвяры з гэтай краіны часта трапляюць на міжнародныя рынкі. Дзяцей і дзяўчат крадуць ці падманваюць ілжывымі абяцаннямі працы або лепшага жыцця. Кубак свету – гэта не толькі значнае пашырэнне рынку сексуальных нявольнікаў, але і магчымасць ажыццяўляць незаконныя ўсынаўленні і гандаль органамі для трансплантацый.

Сваю дзейнасць сусветная сетка па барацьбе з гандлем людзьмі факусуе на звароце ўвагі грамадскасці на гэту практыку праз СМІ і сацыяльныя сеткі. Ёсць так званы “зялёны тэлефон”, на які можна паведаміць пра выпадкі жорсткага абыходжання і звярнуцца па канкрэтную дапамогу. Ініцыятыву падтрымаў бразільскі епіскапат, які сваю апошнюю “Кампанію Братэрства” прысвяціў менавіта гэтай балючай праблеме. Папа Францішак лічыць, што гандаль людзьмі – гэта сапраўдны біч і адкрытая рана сучаснасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.