2014-05-21 15:47:16

Святы Пасад: абарона жыцця і здароўя – крытэрый клопату аб экалогіі


RealAudioMP3 Святы Пасад усведамляе разбуральныя наступствы, выкліканыя кліматычнымі зменамі, адзначыў арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выступіў на Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая 19-24 мая 2014 г. праходзіць у швейцарскай Жэневе. Ватыканскі іерарх нагадаў пра ўплыў чалавечай дзейнасці на глабальнае пацяпленне, якое ўжо зараз выклікае цяжкія праблемы са здароўем, асабліва ў насельніцтва тых краін, якія найбольш неабароненыя перад абліччам кліматычных змен і залежаць ад іх.

Апостальская Сталіца заклікае да большай салідарнасці і дапамогі народам, якія пакутуюць ад наступстваў экалагічных праблем і становяцца ахвярамі шматлікіх прыродных катаклізмаў. Клопат аб людзях павінен цікавіць міжнародную супольнасць не менш за навуковыя, медыцынскія і эканамічныя праблемы, звязаныя з глабальным пацяпленнем, перакананы арцыбіскуп Зімоўскі.

Спрыяць змене экалагічнай сітуацыі неабходна праз прыняцце рашэнняў у эканамічнай, сацыяльнай, тэхналагічнай і палітычнай сферах, адзначыў ён і дадаў, што крытэрыем клопату аб экалогіі на рэгіянальным і сусветным узроўнях, павінна быць абарона жыцця і здароўя.








All the contents on this site are copyrighted ©.