2014-05-20 14:35:41

Святы Айцец: не трэба давяраць спакою, які даюць грошы і ўлада


RealAudioMP3 Хто адкрывае сэрца на дзейнасць Святога Духа, будзе мець трывалы і бясконцы спакой, у адрозненне ад тых, хто вырашыў даверыцца спакою, прапанаванаму грашыма або ўладай, падкрэсліў 20 мая 2014 г. Францішак падчас гаміліі на ранішняй св. Імшы. Пантыфік супрацьставіў спакою, які даюць рэчы гэтага свету – грошы, улада, ганарыстасць – спакой, што дае чалавеку Святы Дух. Першы заўсёды эфемерны – сёння ты багаты і важны, а заўтра ніхто. Другі, які ніхто не можа адабраць, з’яўляецца спакоем вечным. Папа спаслаўся на сённяшнее Евангелле, дзе Езус удзяляе свой спакой вучням. “Спакой Хрыста з’яўляецца асабовым, гэта Святы Дух!”, - падкрэсліў ён, “гэта асоба, гэта вялікі дар”. “Калі Святы Дух ёсць у нашым сэрцы, ніхто не можа адабраць у яго спакою. Ніхто! Гэта канчатковы спакой! Наша заданне – ахоўваць яго. Гэта вялікі спакой, спакой не мой, але іншай Асобы, якая мне дае яго, Асобы, якая знаходзіцца ў маім сэрцы і суправаджае мяне па жыцці. Гэтым спакоем абдарыў мяне Бог”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што гэты спакой мы атрымліваем праз хрост і канфірмацыю, як дзіцяці, якое атрымлівае падарунак, без якіх-небудзь умоў, з адкрытым сэрцам. Святога Духа трэба ахоўваць, дадаў Пантыфік.

“Калі вы будзеце мець гэты спакой Святога Духа, калі вы будзеце насіць Святога Духа ў сабе і будзеце ўсведамляць гэта, ваша сэрца не будзе трывожыцца. Будзьце ўпэўненыя!”, - сказаў папа Францішак. Ён нагадаў словы св. Паўла, які сказаў, што, каб увайсці ў Валадарства Нябеснае, трэба прайсці праз мноства нягод. І іх мае кожны, меншыя або большыя. Але “няхай не трывожыцца сэрца вашае”, паўтарыў Святы Айцец словы Езуса і нагадаў, што матывам гэтага для кожнага хрысціяніна з’яўляецца прысутнасць у яго сэрцы Святога Духа.







All the contents on this site are copyrighted ©.