2014-05-19 11:12:04

Адчыніце дзверы Хрысту! У Мінску падзякавалі за кананізацыю Яна Паўла ІІ і Яна XXIII


RealAudioMP3 У Мінску падзякавалі за двух новых святых – Яна Паўла ІІ і Яна XXIII, кананізацыя якіх адбылася ў Ватыкане зусім нядаўна – 27 красавіка 2014 г. Сімвалічна, што ў архікатэдральным Касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі вернікі, святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса сабраліся ў 94-ю гадавіну з дня нараджэння Караля Вайтылы. Св. Імшу падзякі ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Для ватыканскага іерарха з постаццю св. Яна Паўла ІІ звязаны асабістыя ўспаміны – Пантыфік калісьці ўдзяліў яму біскупскае пасвячэнне. Але і ўвесь свет сёння яшчэ перажывае радасную падзею кананізацыі Пантыфікаў, якія былі, ёсць і застануцца для Касцёла гігантамі, адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці ў інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.


Апостальская Сталіца дасягнула шмат чаго дзякуючы менавіта гэтым двум Папам – св. Ян Павел ІІ і Ян XXIII далі зразумець, што з Касцёлам можна весці дыялог і ён не шукае сваёй карысці, а толькі змагаецца за праўду, падкрэсліў Апостальскі Нунцый у Беларусі. “Гэта вельмі важна таксама ў Беларусі і для беларусаў, таму што католікі не з’яўляюцца эмігрантамі ў Беларусі, якія сюды прыехалі, гэта інтэгральная частка насельніцтва; яны заўсёды тут былі. Гэтыя Папы былі ўніверсальнымі, яны былі для ўсяго Касцёла. А Касцёл у Беларусі – гэта частка Паўсюднага Касцёла. Таму мы, католікі Беларусі, вельмі ганарымся, што можам паказваць гэтую ўніверсальнасць і адзінства Касцёла, што мы адчувем праз постаці гэтых двух Пап”, - сказаў Апостальскі нунцый.

У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заўважыў вельмі важную рэч – Ян Павел ІІ адчуваў сябе славянінам, вельмі ганарыўся гэтым і падкрэсліў нават адмысловай энцыклікай, напрыканцы якой малітоўна дзякаваў Богу за тое, што паклікаў славянскія народы, каб яны жылі ў адзінстве веры. Гэты заклік актуальны і сёння, калі ў свеце існуюць канфлікты. Гаворка ідзе перш за ўсё пра Украіну, пра яе славянскі і хрысціянскі народ. Вайна – гэта заўсёды блюзнерства супраць Бога і злачынства супраць чалавецства. Вялікі Папа, як называлі Яна Паўла ІІ, яшчэ пры жыцці, заўсёды клапаціўся аб міры ў свеце, аб дыялогу паміж канфесіямі і рэлігіямі.

Яна Павел ІІ заўсёды памятаў пра Беларусь, упэўнены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Менавіта ён пасля падзення атэістычнага рэжыма аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і прызначыў біскупаў. “25 гадоў таму падчас маёй кансэкрацыі ў Рыме, у базыліцы св. Пятра, Ян Павел ІІ прамовіў па-беларуску і сказаў, што я пасылаю цябе да народа, які так шмат цярпеў. Ведаем ад кардынала Казіміра Свёнтэка і іншых біскупаў, што ён заўсёды клапаціўся аб Касцёле ў Беларусі. Таму сёння наша ўдзячнасць, удзячнасць мая і ўсіх вернікаў, за тое, што Бог даў нам такога правідэнцыяльнага Папу, якога мы павінны наследаваць сваім жыццём”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю нашаму радыё. Двух Пантыфкаў ужо назвалі святымі нашага часу – яны жылі і служылі Богу і людзям у XX стагоддзі, а таксама добра прачыталі выклікі часу і змаглі даць на іх адказ.

Гэта падкрэсліў і арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: святасць – не толькі прэрагатыва мінулага, але і сучаснасці. “Ведаючы аб глабальнай і гістарычнай ролі св. Яна Паўла ІІ, які ж прыклад могуць узяць для сябе звычайныя вернікі ў штодзённым жыцці?” - задаўся пытаннем Апостальскі нунцый у Беларусі. “Паспрабуце сабе ўявіць маладога чалавека, які жыве ў Кракаве, займаецца тэатрам са свамі сябрамі, займаецца спортам, ходзіць на працу і вядзе сваё жыццё. І святым ён стаў не таму, што яго нехта паклікаў, асвяціў або кансэкраваў, святаць была і да гэтага моманту, менавіта ў штодзённым жыцці. Штодзённа ён да яе імкнуўся і штодзённа яе перажываў. Не ўсе мы будзем Папамі, але ўсе можам быць святымі”, - сказаў іерарх.

Напрыканцы св. Імшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці словамі св. Яна Паўла ІІ заклікаў вернікаў адчыніць дзверы Хрысту і ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне ад імя папы Францішка. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за малітву праз заступніцтва новых святых за Каталіцкі Касцёл у Беларусі і ўсю краіну.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.