2014-05-17 10:36:02

Кардынал Кох: у экуменізме сімвалічныя жэсты адыгрываюць вельмі важную ролю


RealAudioMP3 Візіт папы Францішка ў Святую Зямлю, які пачынаецца на наступным тыдні, дае новыя надзеі на будучыню экуменічнага дыялогу, лічыць старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Іерарх, які асабіста прыме ўдзел у пілігрымцы Святога Айца, даў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Ён нагадаў , што “падставай для гэтага візіту стала святкаванне першай сустрэчы Патрыярха Афінагора з папам Паўлам VI 50 гадоў таму ў Іерусаліме”. Гэта было першае такога роду спатканне пасля сапраўды доўгага часу; яно паклала пачатак дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі, падкрэсліў кардынал. Ён выказаў надзею, што таксама сустрэча цяперашніх кіраўнікоў Цэркваў – папы Францішка і Патрыярха Барталамея І – будзе спрыяць паглыбленню добрых адносін, якія назіраліся ў апошнія паўстагоддзя, і народзіць новыя надзеі на будучыню.

Паводле кардынала, у экуменізме сімвалічныя жэсты адыгрываюць вельмі важную ролю. “Мы павінны праводзіць адрозненне паміж дыялогам любові і дыялогам праўды, які ў тэалагічных пытаннях не з’яўляецца простай справай. Аднак, ён не можа весціся без дыялогу любові. І ў гэтым сэнсе сустрэча, якая набліжаецца, вельмі значная”, - сказаў старшыня Папскай рады. Ён падкрэсліў, што Францішак прынясе ў Святую Зямлю, у першую чаргу, пасланне міру, паяднання і братэрства для экуменічных і міжрэлігійных адносін.







All the contents on this site are copyrighted ©.