2014-05-16 14:29:59

У Мінску размаўлялі аб магчымасці пачатку беатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча


RealAudioMP3 У Мінску абмеркавалі пытанне аб магчымасці пачатку беатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча – фундатара Касцёла св. Сымона і св. Алены. Шматлікім беларусам і тым больш жыхарам сталіцы добра вядома постаць Вайніловіча – знакамітага палітычнага і грамадскага дзеяча другой паловы XIX - пачатка XX стагоддзяў – і пабудаваны па яго ініцыятыве Чырвоны касцёл. Менавіта пры гэтым храме і прайшло пасяджэнне спецыяльнай камісіі, у складзе якой былі беларускія святары, гісторыкі і госці з Ватыкана – супрацоўнікі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі (гэтыя ж асобы, дарэчы, удзельнічалі ў падрыхтоўцы беатыфікацыі і кананізацыі св. Яна Паўла ІІ). Што ж тычыцца Вайніловіча, то яго асоба для краіны – унікальная. Чыровоны касцёл, які стаў візітнай карткай усёй краіны, ён пабудаваў у памяць аб сваіх дзецях – Сымоне і Алене, якія трагічна памерлі ў раннім узросце. Але ж акрамя гэтага, Вайніловіч адзначаўся адмысловай талерантнасцю: паважаў усе рэлігіі і нацыянальнасці, размаўляў роўна і з сялянамі, і з дзяржаўнымі дзеячамі. Яго заслугі складана, нават, пералічыць, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магалёўскі.

“Мы добра ведаем, што не так даўно Чырвоны касцёл адзначыў 100-гадовы юбілей. І не было б Касцёла, калі б не Эдвард Вайніловіч. Але не толькі гэтым ён запісаў сваё імя ў гісторыі Каталіцкага Касцёла: ён добры сем’янін, ён клапаціўся аб хрысціянскім выхаванні сваіх дзяцей, прымаў актыўны ўдзел у распаўсюджванні хрысціянскіх каштоўнасцяў у нашай краіне. Чытаючы яго запісы, успаміны людзей, якія яго ведалі, здаецца, што можа быць пачата беатыфікацыйная справа. Мы правялі кансультацыі са спецыялістамі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, беларускімі і замежнымі экспертамі, бо мы сутыкаемся з такой справай упершыню. Але, магчыма, мы павінны гэта прайці, каб стаць першапраходцамі”, - сказаў іерарх.

Беатыфікацыйны працэс скаладаны юрыдычна і тэалагічна, займае звычайна гады. Але першы крок быў зроблены, і спачатку камісія павінна падрабязна разгледзець жыццё Эдварда Вайніловіча. Недахопу ў матэрыялах, вядома, не будзе, яго памяць увекавечана ў сценах Касцёла св. Сымона і св. Алены, аб добрым чалавеку, шчодрым мецэнаце і хрысціяніне напісаны цэлыя кнігі.







All the contents on this site are copyrighted ©.