2014-05-15 10:52:11

Святы Пасад супраць выкарыстання робатаў і дронаў у войнах


RealAudioMP3 Святы Пасад выступае супраць выкарыстання дронаў і робатаў у войнах, адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. Іерарх выступіў падчас сустрэчы экспертаў па праблеме выкарыстання аўтаномных сістэм узбраення або “робатаў-забойцаў”, якая праходзіць 13-16 мая 2014 г. Паводле ватыканскага дыпламата, фундаментальным прынцыпам у дадзенай праблеме павінна быць недапушчэнне перадачы тэхніцы рашэнняў, якія тычацца жыцця ці смерці чалавечай асобы. Калі гаворка ідзе пра жыццё, павінен прысутнічаць рацыянальны элемент і здольнасць да маральнага суджэння, адзначыў ён. Сёння робаты не маюць такой здольнасці і нават, калі навукоўцы здолеюць надзяліць іх штучным інтэлектам, яны ніколі не змогуць у поўні аналізаваць сітуацыі і прымаць па-сапраўднаму этычнае рашэнне. Па гэтай самай прычыне адмоўнай з’яўляецца пазіцыя Апостальскай Сталіцы і адносна выкарыстання дронаў – беспілотных лятальных апаратаў, адзначыў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Дыпламат выказаў перасцярогу, што пашырэнне выкарыстання робатаў і дронаў для ваенных мэтаў можа справакаваць новую гонку ўзбраенняў, а гэта прывядзе да памяншэння выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, медыцынскую і адукайную сферы, барацьбу з беднасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.