2014-05-14 13:30:17

У Папскім універсітэце прайшоў форум, прысвечаны экзарцызму


RealAudioMP3 У Папскім універсітэце “Regina Apostolorum” у Рыме завяршылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная экзарцызму, на якой сабраліся шматлікія эксперты ў розных галінах, як свецкія, так і святары, з усяго свету. Форум праходзіў у дзевяты раз. Удзельнікі падкрэслівалі, што практыка экзарцызму – гэта служэнне любові і спачування, якое патрабуе вялікай веры і міласэрнасці, “літургічны інструмент Касцёла” адносна асоб ахрышчаных, якія на сваім шляху ўвайшлі ў кантакт з сіламі зла.

Італьянскі псіхатэрапеўт і тэолаг Порксіа Квальярэла, адзін з удзельнікаў канферэнцыі, звярнуў увагу на сацыялагічныя і псіхалагічныя аспекты экзарцызму. На першапачатковым этапе важна распазнаць: у выпадку канкрэтнага чалавека гаворка ідзе пра апантанне ці пра псіхалагічныя праблемы, тыпу істэрыі або дэпрэсіі. Псіхатэрапеўт заўважыў, што ў сярэднім у яго практыцы з 10 сітуацый толькі дзве з’яўляюцца выпадкамі сапраўднага д’ябальскага апантання, іншыя носяць псіхалагічны характар. Розніца паміж апантаннем і псіхалагічнымі праблемамі, патлумачыў доктар Квальярэла , у тым, што ў першым выпадку гаворка ідзе пра сапраўдае жаданне знішчыць, падзяліць, рабіць зло, у другім – чалавек пакутуе ад сваёй слабасці.

На канферэнцыі шмат гаварылася аб баналізацыі рэальнасці зла ў сучасным свеце, якая праяўляецца ў перакананні многіх асоб, у тым ліку і з касцёльнага асяроддзя, што д’ябал не існуе. Гэта меркаванне абвяргае Святое Пісанне, у якім гаворыцца аб прысутнасці зла ў свеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.