2014-05-14 11:51:43

Перад абліччам цяжкасцяў трэба прасіць аб дары мужнасці


RealAudioMP3 Дар мужнасці з’яўляецца падтрымкай Святога Духа ў нашым штодзённым жыцці, з яго праблемамі і цяжкасцямі, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 мая 2014 г. на ватыканскай плошчы. Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных дарам Святога Духа, Пантыфік засяродзіўся на дары мужнасці. Зразумець яго глыбокае значэнне, паводле Папы, дапамагае евангельская прыпавесць пра сейбіта: зерне, кінутае ім, дало плён толькі на добрай глебе. “Як сам Езус тлумачыў сваім вучням, гэты сейбіт прадстаўляе Айца, які шчодра сеяў зерне Божага слова. Зерне, аднак, часта сутыкаецца з сухасцю нашага сэрца, і нават, калі прымаецца, рызыкуе застацца бясплённым. Аднак, праз дар мужнасці, Святы Дух вызваляе глебу нашага сэрца, вызваляе яе ад здранцвення, няўпэўненасці і ўсіх страхаў, якія могуць яго стрымліваць. І так, Божае слова мы можам рэалізаваць на практыцы, сапраўдным і радасным чынам”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што дар мужнасці асабліва яскрава і ўзорна праяўляецца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Ён нагадаў пра прыклад шматлікіх мучанікаў, якія і сёння працягваюць без страху сведчыць аб сваёй веры нават плацячы за гэта самы вялікі кошт. “Падумаем таксама пра людзей, якія маюць цяжкае жыццё, змагаюцца дзеля сваіх сем’яў, выхавання дзяцей. І робяць гэта таму, што дух мужнасці ім дапамагае. Колькі людзей, імёны якіх мы не ведаем, робяць гонар нашаму народу, нашаму Касцёлу сваёй мужнасцю: мужнасцю ў жыцці, сям’і, працы, веры. Гэтыя нашы браты і сёстры – святыя, святыя штодзённасці, схаваныя святыя сярод нас. Яны карыстаюцца дарам мужнасці ў выкананні сваіх абавязкаў: як людзі, бацькі, маці, браты, сёстры, грамадзяне”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў памятаць, што дар мужнасці неабходны не толькі ў пэўных своеасаблівых і складаных абставінах; ім трэба карыстацца ў штодзённасці – ён павінен быць фонам нашага быцця хрысціянамі. Паводле Францішка, Бог заўсёды дае неабходныя сілы, і трэба памятаць пра гэта.

“Дарагія сябры, часам мы можам сустракацца са спакусай ляноты ці яшчэ горш – роспачы, асабліва перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў. У гэтых выпадках не будзем падаць духам, але паклічам Святога Духа, каб дарам мужнасці ўзняў нашы сэрцы і перадаў сілу і энтузіязм нашаму жыццю і наследванню Езуса”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, вітаючы пілігрымаў з розных краін свету, Пантыфік звярнуўся да вялікай дэлегацыі, якая прыбыла з італьянскай Сардыніі. Папа адзначыў, што мае добрыя ўспаміны пра мінулагодні візіт на гэты востраў і падкрэсліў, што памятае пра цяжкія праблемы мясцовых вернікаў і абяцае сваю духоўную блізкасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.