2014-05-14 14:22:10

Англіканскі іерарх пра развіццё дыялога з Касцёлам


RealAudioMP3 12-20 мая 2014 г. у паўднёваафрыканскім Дурбане праходзіць чацвёртая сустрэча Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі ў рамках трэцяга этапу працэсу дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой. Удзельнікі экуменічнай сустрэчы размаўляюць аб Касцёле як супольнасці, мясцовай і паўсюднай. Ужо на працягу некалькіх гадоў яны працуюць над супольнай дэкларацыяй, у якой гаворка пойдзе пра тое, што аб’ядноўвае католікаў і англікан, да чаго яны імкнуцца і што іх раздзяляе, распавёў Ватыканскаму радыё архіепіскап Дэвід Моксан, кіраўнік Англіканскага цэнтру ў Рыме і сустаршыня Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі.

Архіепіскап Моксан адзначыў, што для канчатковай рэдакцыі дакумента неабходны яшчэ два-тры гады. Ён выказаў меркаванне, што дэкларацыя будзе карыснай не толькі людзям, якія цікавяцца экуменізмам. Дакумент, на яго думку, можа стаць сапраўднай інструкцыяй для супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі абодвух канфесій.

Гаворачы аб плёнах амаль 40-гадовай працы Камісіі, іерарх расказаў пра заснаванне міжнароднай сеткі, якая працуе дзеля папулярызацыі дасягнутых у экуменічным дыялогу вынікаў. Ён паінфармаваў, што на сённяшні дзень навучанне Каталіцкага Касцёла і Англіканскай Царквы на 80% з’яўляецца падобным. “Усяго гэтага яшчэ 40 гадоў таму не было”, - падкрэсліў ён.

Новым выклікам для англікан і католікаў, на думку архіепіскапа Моксана, з’яўляецца супольная місійнай дзейнасць, якую іерарх назваў “рухавіком экуменізма”. Супольныя намаганні на карысць справядлівасці і развіцця, паводле яго, зробяць евангелізацыю больш відавочнай і ўжо сёння прыносяць плёны ў выглядзе супольнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла і Англіканскай Царквы ў барацьбе з гандлем людзьмі і сучасным рабствам.








All the contents on this site are copyrighted ©.