2014-05-13 14:34:12

Праваслаўны Патрыярх: Бэнэдыкт XVI – гэта чалавек Касцёла


RealAudioMP3 Папа на пенсіі – гэта “чалавек Касцёла, які аказаў глыбокі ўплыў на характар ​​сучаснага каталіцызму”. Так ахарактарызаваў Бэнэдыкта XVI Барталамей I, звяртаючыся да былых студэнтаў Ёзэфа Ратцынгера і даследчыкаў яго тэалогіі. Гэта група сабралася на сваю канферэнцыю ў пачатку мая пад назвай “Бэнэдыкт XVI і праваслаўе”, якую прымаў у сябе на гэты раз Канстантынопальскі Патрыярхат. Прадстаяцель выказаў радасць у сувязі з тым, што сярод даследчыкаў думкі Ратцынгера ёсць таксама і праваслаўныя, што, як адзначыў, несумненна радуе самаго Бэнэдыкта XVI.

Барталамей І падкрэсліў, што Папа на пенсіі ва ўсіх сваіх рашэннях кіраваўся тэалагічнымі крытэрыямі. Ён добры знаўца тэалогіі Айцоў Касцёла і іх духоўнасці. Яны для яго не з’яўляюцца выключна мінулым, але тымі, хто мае важны ўплыў на жыццё і ідэнтычнасць Касцёла. Бэнэдыкт XVI заўсёды быў верным касцёльнай традыцыі і тэалогіі перад абліччам выклікаў нашага часу. Шмат у чым Патрыярх Канстантынопальскі поўнасцю згодны з меркаваннем Пантыфіка на пенсіі, напрыклад, калі гаворка ідзе пра хрысціянскія карані Еўропы. У экуменічным руху Бэнэдыкт XVI зрабіў асаблівы акцэнт на праваслаўна-каталіцкім дыялогу і яго пашырэнні. Патрыярх нагадаў ​​візіт Папы ў 2006 г. у Канстантынопаль і свае ўласныя падарожжы ў Рым, якія адбыліся падчас папярэдняга пантыфікату.

Трэба нагадаць, што Барталамей І у канцы мая сустрэнецца з папам Францішкам. 25 мая адбудзецца іх прыватная размова ў Іерусаліме, падпісанне сумеснай дэкларацыі і экуменічнае спатканне ў базыліцы Гробу Пана. 26 мая Францішак наведае Барталамея І у будынку каля царквы Галілейскіх Мужчын на Аліўнай Гары.







All the contents on this site are copyrighted ©.