2014-05-13 15:15:38

Папа: Божыя справы нельга зразумець толькі з дапамогай інтэлекту


RealAudioMP3 Божыя справы нельга зразумець толькі з дапамогай інтэлекту, неабходна адкрыць таксама і сэрца на дзейнасць Святога Духа, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 13 мая 2014 г. Пантыфік падкрэсліў, што вера – гэта дар Божы, але яго нельга атрымаць жывучы асобна ад Касцёла. Каментуючы літургічныя чытанні з кнігі Дзеяў Апосталаў, Папа адзначыў, што ў іх гаворка ідзе пра дзве катэгорыі людзей: першыя – гэта тыя хрысціяне, якія збеглі з Ерузалема пасля забойства св. Стэфана і панеслі Евангелле ў іншыя мясцовасці – спачатку да юдэяў, затым да грэкаў і язычнікяў. Паводле Францішка, гэтыя людзі былі паслухмянымі Святому Духу і дазволілі яму весці сябе. “Святы Духу дзейнічае ў Касцёле і сёння, дзейнічае ў нашым жыцці. Хтосьці мне можа сказаць: “Ніколі Яго не бачыў!”. Але будзь уважлівей да таго, што адбываецца, што табе прыходзіць на розум, адчуваецца ў сэрцы. Добрыя рэчы? Гэта Святы Дух заклікае ісці гэтым шляхам. Ён хоча ад нас паслухмянасці!”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што другая катэгорыя людзей, аб якой ідзе мова ў сённяшніх літургічных чытаннях, гэта “інтэлектуалы, якія набліжаліся да Езуса ў святыні: настаўнікі закона”. Езус з імі ніколі не мог знайсці агульную мову, таму што яны лічылі рэлігію толькі справай розуму і выканання правілаў, адзначыў Папа. “У гэтых людзей няма сэрца, няма любові і прыгажосці, няма гармоніі”, гэта людзі, “якія хочуць толькі тлумачэнняў”. “Ты ім тлумачыш, а яны не перакананыя вяртаюцца з іншым пытаннем. І так блукаюць і блукаюць... Як блукалі вакол Езуса ўсё жыццё да таго моманту, пакуль не здолелі схапіць яго і забіць! Яны не адкрывалі сэрца на Святога Духа. Лічылі, што таксама і Божыя справы можна зразумець з дапамогай інтэлекту, праз уласныя ідэі. Былі пыхлівымі. Думалі, што ведаюць усё, а тое, што не паддаецца іх розуму – няправільнае. Ты можаш уваскрасіць перад імі памерлага, а яны не павераць!”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец дадаў, што Езус, бачачы такія паводзіны, казаў, што такія асобы не з Яго статку. “Гэтыя людзі аддзяліліся ад народу Божага і таму не маглі верыць. Вера – гэта дар Божы! Але яна прыходзіць, калі прабываеш сярод Яго народу”, - падкрэсліў Папа. Ён заклікаў прасіць у Бога аб ласцы паслухмянасці Святому Духу і здольнасці абараняцца ад спакусаў пыхі і самадастатковасці, якія закрываюць сэрца на Яго дзейнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.