2014-05-13 11:00:42

Памёр кардынал Марка Чэ, былы Патрыярх Венецыі


RealAudioMP3 12 мая 2014 г. познім вечарам у Венецыі ва ўзросце 88 гадоў памёр былы мясцовы Патрыярх кардынал Марка Чэ. З 19 сакавіка ён знаходзіўся ў шпіталі пасля пералому сцегнавой косці. Некалькі дзён таму іерарх атрымаў з рук цяперашняга Патрыярха, арцыбіскупа Франчэска Мараліі, сакрамэнт намашчэння хворых. Памерлы быў Патрыярхам Венецыі з 7 снежня 1978 г. Ён стаў наступнікам кардынала Альбіна Лучані, абранага 26 жніўня таго ж году Пантыфікам. Кардынальскі берэт атрымаў падчас першага кансісторыя св. Яна Паўла II 30 студзеня 1979 г. 5 студзеня 2002 г. выйшаў у адстаўку.

Папа Францішак накіраваў 13 мая 2014 г. тэлеграму на імя арцыбіскупа Мараліі, у якой адзначыў свой смутак у сувязі са смерцю кардынала Чэ, “які з радасцю служыў Евангеллю, пяшчотна любіў Касцёл”, “аддаваўся служэнню Божаму слову праз пропаведзь” і імкнуўся рэалізаваць сапраўдны дух літургіі. Пантыфік запэўніў у сваёй малітве за памерлага.

Пасля смерці іерарха Калегія кардыналаў налічвае 215 членаў, з якіх 119 маюць права голасу на канклаве. 38 з іх былі прызначаны Янам Паўлам II, 65 – Бэнэдыктам XVI і 16 – Францішкам. Сярод 96 кардыналаў старэйшых за 80 гадоў 2 прызначыў яшчэ Павел VI, 76 – Ян Павел IІ, 15 – Бэнэдыкт XVI і 3 – Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.