2014-05-13 15:02:05

Ватыканскі іерарх у Іарданіі пра педагогіку міру


RealAudioMP3 У свеце, адзначаным насіллем, рэлігійныя лідэры павінны цвёрда выказвацца супраць гвалту і навучаць сваіх вернікаў педагогіцы міру, заявіў 12 мая 2014 г. у Іарданіі кардынал Жан-Луі Таран. Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу прымае ўдзел у міжнародным семінары на тэму: рэлігія і насілле. Ён праходзіць ва ўніверсітэце Амана. Ватыканскі іерарх адзначыў, што ў сталіцы Іарданіі, размешчанай паблізу Сірыі, нікому не трэба нагадваць, наколькі сучасны свет характарызуецца насіллем. Гэта патрабуе ад удзельнікаў семінара выказвацца ў духу салідарнасці і спагады не толькі ў адносінах да ахвяраў узброеных канфліктаў, але і да ўсіх пазбаўленых асноўных правоў чалавека. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі прызнаў, што за існаванне насілля ў сучасным свеце адказваюць розныя фактары, у першую чаргу, палітычныя і эканамічныя. Тым не менш, не варта недаацэньваць ролі асабістай адказнасці за прыватныя формы гвалту. Гісторыя не згадвае пра іх, канцэнтруючыся на войнах або тэрарызме, але менавіта асабістыя адносіны ляжаць у аснове ўсіх відаў насілля, сказаў кардынал Таран.

Ён нагадаў шэраг задач, якія стаяць перад рэлігійнымі лідэрамі ў рамках шырока разуметай педагогікі міру. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што, хоць розныя рэлігіі маюць розныя падыходы да паняццяў справядлівай вайны, апраўданай абароны або джыхаду, для ўсіх мір з’яўляецца каштоўнасцю, якую трэба абараняць і пашыраць.







All the contents on this site are copyrighted ©.