2014-05-10 14:45:04

Пантыфік: салідарнасць павінна стаць каштоўнасцю ў эканамічнай сферы


RealAudioMP3 Працаваць над вяртаннем каштоўнасці салідарнасці, заклікаў папа Францішак членаў дабрачыннага фонду “Centessimus Annus – Pro Pontifice”, якіх прыняў на аўдыенцыі 10 мая 2014 г. Паводле Пантыфіка, у сённяшняй эканамічнай сістэме і ментальнасці слова “салідарнасць” стала нязручным і нават непрыстойным. “Крызіс гэтых гадоў, глыбокія прычыны якога належаць да этычнага парадку, павялічыў “алергію” на такія словы як: салідарнасць, роўнае размеркаванне дабротаў, прыярытэт працы. Прычына гэтага ў няздольнасці ці нежаданні па-сапраўднаму вывучаць спосабы, якімі этычныя каштоўнасці могуць стаць канкрэтнымі эканамічнымі каштоўнасцямі, гэта значыць спрыяць дабрадзейнай дынаміцы ў сферы вытворчасці, працы, камерцыі, і саміх фінансаў”, - сказаў Папа. Святы Айцец адзначыў, што сёння “хрысціянскія прадпрымальнікі” маюць заданне – заўсёды адаптаваць Евангелле да рэчаіснасці, у якой працуюць. “Евангелле кліча паставіць чалавека і супольнае дабро на першае месца, рабіць свой уклад, каб існавалі магчымасці працы, годнай працы”, - сказаў Папа і заклікаў дзейнічаць не самотна, але ў супрацоўніцтве з тымі, хто падзяляе важнасць хрысціянскіх этычных прынцыпаў. “Гэта сведчанне вельмі важнае і я заклікаю вас працягваць даваць яго, прысвечаючы адпаведны час малітве, таму што свецкі вернік, нават прадпрымальнік, мае патрэбу ў малітве, асабліва калі выпрабаванні цяжкія!”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.