2014-05-10 11:34:49

Апостальская Сталіца прадставіла каля 1000 кніг на міжнароднай выставе


RealAudioMP3 Каля 1000 кніг прадстаўлены Апостальскай Сталіцай на Міжнародным кніжным салоне, які 9-12 мая 2014 г. праходзіць у італьянскім Турыне. Сёлета Святы Пасад з’яўляецца ганаровым госцем гэтай буйной штогадовай кніжнай выставы. На адмысловым стэндзе, які ўяўляе сабой кніжную шафу ў форме купала базылікі св. Пятра, прадстаўлены кнігі з Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, Ватыканскіх музеяў, Папскай рады па культуры, папскіх акадэмій і Ватыканскага выдавецтва. Акрамя сучасных выданняў, тут сабраны і ўнікальныя, па сапраўднаму музейныя экспанаты, сярод якіх “Іліяда” Гамера, выдадезеная ў 1477 г., сярэдневечная кніга з золата, ілюстрацыі да “Боскай камедыі” Дантэ, выкананыя знакамітым італьянскім мастаком Сандра Бацічэллі, а таксама чатыры прыватныя лісты, сярод якіх пасланне папы Пія IX да св. Яна Боска. На кніжным форуме ў Турыне прадстаўлены таксама Ватыканскі сакрэтны архіў, Папская камісія па сакральнай археалогіі, Філатэлістычна-нумізматычны аддзел і Ватыканскае радыё.

У цырымоніі адкрыцця салона прыняў удзел старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі, які нагадаў, што стэнд Апостальскай Сталіцы называецца “Пераказваць веру”. Паводле іерарха, фундаментальна важным з’яўляецца дыялог паміж Касцёлам і грамадствам, на які многія людзі часта бываюць закрытыя. Рэлігія, на яго думку, стымулюе чалавека да пошуку адказаў на глыбокія пытанні. Таму, неабходна прадстаўляць Хрыста такім, якім Ён ёсць на самой справе, што часта можа правакаваць людзей, але, у той жа час, кранаць іх сумленні і падштурхоўваць да дыялогу, лічыць кардынал Равазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.