2014-05-09 11:06:57

Апостальская Сталіца заклікала вызваліць нігерыйскіх падлеткаў


RealAudioMP3 Святы Пасад далучыўся да закліку аб вызваленні мусульманскіх школьніц, выкрадзеных у Нігерыі. Ён асудзіў гэты “чарговы акт страшнага насілля”, якое пашыраюць у афрыканскай краіне тэрарысты ісламскай групоўкі “Бока Харам”. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што выкраданне нявінных дзяўчынак таксама выклікае велізарнае спачуванне, таму што не вядома, наколькі вялікаму прыніжэнню, насіллю, фізічнаму і духоўнаму, яны падвергліся з боку выкрадальнікаў. “Мы далучаемся да заклікаў да іх вызвалення і як мага хутчэйшага вяртання да нармальнага жыцця”, - сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён таксама запэўніў у малітве за Нігерыю, каб неадкладна пакласці канец канфлікту і тэрарызму, які з’яўляецца крыніцай столькіх пакут.

На працягу апошніх двух нападаў ісламісты выкралі больш за 200 школьніц. Падобныя інцыдэнты адбыліся таксама ў мінулым годзе, і многія з ахвяраў да гэтага часу не вярнуліся ў свае дамы. Між тым, у страху перад далейшымі выкраданнямі ў Нігерыі былі зачынены шматлікія школы. “Жахлівая стратэгія запалохвання, якая выкарыстоўваецца паўстанцамі, што такім чынам хочуць паказаць, што ніякая іншая адукацыя акрамя ісламскай дзяўчынкам не патрэбна, здаецца, прыносіць чаканы імі эфект”, - падкрэсліў арцыбіскуп Ігнацыюс Каігама. Нігерыйскі іерарх настойліва заклікаў улады краіны актывізаваць свае намаганні па вызваленні дзяўчат і моцнаму супрацьстаянню ісламскаму тэрарызму.







All the contents on this site are copyrighted ©.