2014-05-07 17:39:34

Беларускі грэка-каталіцкі святар: наша Царква – гэта шматслаёвая супольнасць


RealAudioMP3 У апошнія гады ў бок Каталіцкага Касцёла не аднойчы скіроўваліся абвінавачванні ў празелетызме. Адным з аргументаў у адстойванні такога погляду быў фактар існавання Грэка-Каталіцкай Царквы. Для многіх, гэта, маўляў, спосаб для католікаў прыцягнуць вернікаў, перш за ўсё праваслаўнага веравызнання, у свае шэрагі. Ці гэта сапраўды так, ці такога тыпу душпастырствам займаецца Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі? – аб гэтым мы паразмаўлялі з айцом Антонам Мікалаевым, душпастырам парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску.

Ойча, грэка-католікі ў Мінску для многіх – з’ява новая або незнаёмая. Чым яны займаюцца, у чым ваша місія, спецыфіка і асаблівасці душпастырства?

Хвала Езусу Хрысту! Так, для многіх грэка-католікі здаюцца чымсьці новым, але на самой справе мы прысутныя ў Беларусі і прыватнасці ў Мінску больш за 20 гадоў. Грэка-католікі адрадзіліся на пачатку 1990-х і зараз колькасць павялічваецца хуткімі тэмпамі, бо Царква развіваецца, выхоўваюцца новыя святары, адчыняюцца новыя парафіі або абслугоўваюцца тыя, якія ўжо існуюць. Яны ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах і вялікіх раённых – такіх як Орша, Баранавічы, Івацэвічы, Ліда, Пінск. Нашаа Царква – спаткаеміца візантыйскага хросту Кіеўскай Русі, гісторыя цягнецца яшчэ з часоў князя Уладзіміра. Калі адбыўся хрост Кіеўскай Русі, хрысціянства з большага прыйшло на Беларусь у візантыйскім абрадзе, потым адбыўся Вялікі раскол. Але праз некалькі стагоддзяў Царква зноў аб’ядналася з Сусветнай Царквой – Каталіцкай – у 1596 г. была падпісана Брэсцкая ўнія. З тых часоў наша Царква ўмоўна называецца Грэка-каталіцкай, але фактычна можна сказаць, што гэта беларуская Царква, якая знаходзіцца ў еднасці з Рымам і належыць да візантыйскага абраду.

Якая спецыфіка вашых парафій? Яны шматлікія, які кантынгент вернікаў?

Гэта шматслаёвая супольнасць. Цяжка вылучыць катэгорыі, ёсць сем’і, дзеці, інтэлігенцыя, людзі старэйшага ўзросту, якія прыйшлі ў Царкву ад самага пачатку ў 1990-х гадах. Заўсёды Бог прыводзіць новых людзей.

А хто гэтыя новыя вернікі – тыя, якія забыліся пра свае грэка-каталіцкія карані, ці цалкамновыя, якія не мелі прыналежнасці да веры і рэлігіі, нават у папярэдніх пакаленнях, ці гэта тыя, хто належаў або належыць да нейкай канфесіі? Справа ў тым, што ў апошнія гады ў бок Каталіцкага Касцёла раздаваліся абвінавачванні ў празелітызме, у прыватнасці з дапамогай Грэка-каталіцкай Царквы. Для многіх, гэта, маўляў, метад католікаў прыцягнуць у свае шэрагі вернікаў, перш за ўсё праваслаўнага веравызнання. Ці гэта сапраўды так, ці так гэта адбываецца? Ці такога тыпу душпастырствам вы займаецеся?

Я сустракаю вельмі шмат людзей, я сам выйшаў з такой сям’і, якія ўвогуле не мелі або мелі мінімальнае дачыненне да веры, хрысціянства, і часта Бог прыводзіць менавіта такіх людзей, якія дзесьці даведаліся і сутрэлі Яго і па нейкіх прычынах ім спадабалася менавіта Грэка-каталіцкая Царква. Вось нядаўна прыйшоў чалавек і сказаў, что хоча атрымаць хрост, прыйшоў проста па адрасе, без папярэдняга тэлефанавання нават. Ёсць такія людзі, якія дзесьці адчулі сябя неўтульна і прыйшлі да нас, пабылі на службе, памаліліся і сказалі, што ім тут добра і яны хочуць тут застацца. Я лічу, што ніякага празелетызму тут няма, таму што насілу да веры ці якой-небудзь канфесіі ніхто не прыводзіць. Але, калі чалавек прыходзіць і кажа, што я ахрышчаны, але мне падабаецца тут, мы яго праганяць не будзем, чалавека нельга адкінуць ці выгнаць з Царквы. Калі ты ўжо ў дарослым узросце асэнсаваў сябе, вырашыў жыць па-хрысціянску і прыйшоў да нашай Царквы, то мы не можам цябе не прыняць. Ёсць сапраўды цікавыя выпадкі: людзі не ведалі, што ў нас ёсць Царква і ездзілі хрысціць дзіця ва Украіну і потым даведаліся, што і ў Мінску ёсць Грэка-каталіцкая Царква і ўжо другое дзіця ахрысцілі ў нас.

На што больш звяртае ўвагу Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі, выпрацоўку пазітыўнага іміджу, як гэта модна зараз, ці на руплівую штодзённую праца? Якой павінна быць Царква ў будучым, каб добра выконваць сваю місію?

Трэба жыць Евангеллем і выконваць тое, што прасіў Хрыстос – сведчыць аб сваёй веры добрымі ўчынкамі, пазнаваць Бога і разам з тым – Царкву. Кожнаму хрысціяніну трэба быць больш актыўным у сваёй веры і штодзённым жыцці, сведчыць аб веры, не хавацца, каб людзі бачылі добрыя ўчынкі. Калі б кожны хрысціянін рабіў так – гэта было б сведчаннем не толькі веры, але і кожнай канкрэтнай Царквы.

Дзякуй за размову!

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.