2014-05-06 11:19:09

Ватыканская абсерваторыя правядзе курсы для моладзі


RealAudioMP3 Ватыканская абсерваторыя правядзе курсы для маладых астраномаў на тэму “Галактыкі блізкія і далёкія, новыя старажытныя”. Заняткі пачнуцца 1 чэрвеня 2014 г. і працягнуцца чатыры тыдні. У іх прымуць удзел 25 студэнтаў і маладых даследчыкаў з 22 краін свету, а таксама два семінарысты – з Італіі і Канады. Яны былі выбраны са 100 кандыдатаў, якія падавалі свае заяўкі для ўдзелу ў ініцыятыве. Летнія курсы пройдуць у прэстыжнай Астранамічнай абсерваторыі Апостальскай Сталіцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Папскіх віл у Кастэль-Гандольфа. Выкладчыкамі будуць навукоўцы з ЗША і Вялікабрытаніі.

“Фарміраванне і эвалюцыя галактыкаў – гэта галоўны аб’ект вывучэння ў сучаснай астраноміі”, адзначыў дырэктар Ватыканскай абсерваторыі айцец Хасэ Габрыэль Фунэс. Паводле навукоўцы, новыя радыётэлескопы і касмічныя тэлескопы, а таксама складаныя лічбавыя сістэмы ставяць пад сумніў існуючыя тэорыі аб новых і старажытных галактыках. Курсы стануць магчымасцю падзяліцца з маладымі астраномамі вынікамі апошніх даследванняў, а таксама пазнаёміць іх з самым сучасным астранамічным абсталяваннем.

Астранамічная абсерваторыя Апостальскай Сталіцы арганізуе летнія курсы для моладзі з 1986 г. Іх мэта – даць магчымасць паглыбіць веды, спрыяць новым сяброўствам і кантактам паміж маладымі і дасведчанымі даследчыкамі на міжнародным узроўні.








All the contents on this site are copyrighted ©.