2014-05-05 15:04:39

Прадстаўлены гімн падарожжа Папы ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Святая Зямля рыхтуецца да візіту папы Францішка, які пройдзе 24-26 мая 2014 г. Мясцовыя кампазітары і музыканты прадставілі гімн Апостальскага падарожжа, былі ўнесены некаторыя змены ў лагатып візіту, а таксама складзена малітва ў інтэнцыі плённай пілігрымкі Папы на радзіму Езуса. Аўтарамі гімна візіту Пантыфіка ў Святую Зямлю з’яўляюцца Лаял Заер і Рабаб Зайтун. У рэфрэне твору паўтараюцца словы “З табой ідзем наперад, як сведкі Хрыста, распаўсюджваючы святло Слова, па слядах Францішка”. У тэксце гімну гаворыцца пра гатоўнасць захоўваць запавет з Богам, шукаць Яго аблічча ў кожным чалавеку, сеяць радасць, сведчыць пра веру і свяпаць пра ўваскрасенне. Гімн выконваецца на арабскай мове.

Арганізатары падарожжа папы Францішка ў Святую Зямлю ўнеслі таксама некаторыя змены ў лагатып гэтага візіту: яго колеры сталі больш яркімі, а мачту лодкі, у якой сядзяць абняўшыся апосталы Пётр і Андрэй – апекуны заходняга і усходняга хрысціянства – цяпер завяршае выява крыжа.

Па ініцыятве іарданскага епіскапату была складзена адпаведная малітва ў інтэнцыі плённага падарожжа Святога Айца. “Нябесны Ойча, Ты не стамляешся любіць і быць міласэрным. Наступнік св. Пятра жадае наведаць зямлю, якая стала святой, таму што тут нарадзіўся, хрысціўся, вучыўся, памёр і уваскрос Твой Сын. Будзь з ім, асвяці яго і благаславі”, - гаворыцца ў тэксце малітвы. Таксама ў ёй узгадваецца пра экуменічны характар візіту: “Пане Езу Хрысце, ты маліўся аб еднасці свайго Касцёла, кажучы “няхай будуць адно” – дазволь, каб сустрэча паміж Святым Айцом і Экуменічным Патрыярхам паспрыяла нашым намаганням на карысць адзінства Тваіх дзяцей”. Малітвай у інтэнцыі пілігрымкі Папы на радзіму Хрыста, было рэкамендавана заканчваць набажэнствы ў мясцовых парафіях, а таксама асабістыя малітвы.








All the contents on this site are copyrighted ©.