Францішак: адкрыць дзверы парафій, каб Езус выйшаў да людзей
“Цудоўнай касцёльнай
рэчаіснасцю” назваў папа Францішак рух маладых свецкіх вернікаў “Каталіцкая акцыя”.
Каля 7 тыс. удзельнікаў і кіраўнікоў яго італьянскага аддзялення Святы Айцец прыняў
на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI 3 мая 2014 г. Звяртаючыся да сваіх гасцей
Пантыфік у першую чаргу адзначыў неабходнасць умацавання місійнага аспекту ў дзейнасці
арганізацыі. “У актуальным сацыяльным і касцёльным кантэксце, вы свецкія вернікі “Каталіцкай
акцыі” пакліканы аднавіць місійны выбар, адкрыты на гарызонты, якія Дух указвае Касцёлу”,
- сказаў Папа. Паводле Святога Айца парадыгма “Каталіцкай акцыі” – місійная. Пантыфік
адзначыў, што ў ініцыятывах “Каталіцкай акцыі” маюць патрэбу парафіі, асабліва тыя,
якія “пазначаны стомленасцю і закрытасцю”, а такіх, паводле Папы, шмат. “Гэтыя парафіі
патрабуюць вашага апостальскага энтузіязма, вашай поўнай адкрытасці і вашага крэатыўнага
служэння. Гаворка ідзе пра набыццё місійнага дынамізму неабходнага, каб дасягнуць
усіх, аддаючы перавагу тым, якія адчуваюць сябе самай далёкай і найбольш слабой і
забытай часткай насельніцтва. Гаворка ідзе пра тое, каб адкрыць дзверы і дазволіць
Езусу выйсці. Часта мы маем Езуса, закрытага ў парафіях з намі. Не выходзім самі і
не дазваляем выйсці Яму. Адкрыйце дзверы, каб Ён выйшаў!”, - сказаў Папа.
Францішак
заклікаў маладых вернікаў мець блізкія адносіны з Езусам, каб умацоўвалася евангельскае
сведчанне; заклікаў ісці насустрач іншым людзям і радавацца ў Пану “спяваючы аб веры”.
Рух
“Каталіцкая акцыя” быў заснаваны ў 1905 г. на падставе энцыклікі Пія Х “Il fermo proposito”,
у якой Пантыфік зрабіў некаторыя канкрэтныя прапановы адносна дзейнасці свецкіх вернікаў
перад абліччам існуючых сацыяльных праблем.