Святы Айцец да біскупаў Шры-Ланкі: працаваць дзеля міра і дыялога
Шры-Ланка патрабуе
евангельскага зачыну, адзначыў папа Францішак у пасланні да каталіцкіх іерархаў гэтай
краіны, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане у рамках візіту “ad limina Apostolorum”
3 мая 2014 г. Святы Айцец нагадаў, што пасля доўгіх гадоў грамадзянскай вайны Шры-Ланка
вяртаецца да міру, а яе жыхары імкнуцца пачаць новае жыццё. Паводле Папы, яшчэ трэба
правесці шмат працы на карысць прымірэння, павагі да правоў чалавека і пераадолення
напружанасці паміж прадстаўнікамі розных этнасаў у гэтай краіне. Пантыфік пажадаў,
каб Касцёл спрыяў гэтым мэтам і працаваў на карысць адзінства, каб прадстаўнікі розных
народнасцяў маглі супольна вучыцца, працаваць і наведваць адныя і тыя ж парафіі. “Вера
можа дапамагчы стварыць атмасферу дыялога для будавання больш справядлівага грамадства”,
- падкрэсліў папа Францішак.
Паводле Святога Айца, аблічча Касцёла ў Шры-Ланцы
– міласэрнае. Ён нагадаў пра каталіцкія ініцыятывы па пераадоленні наступстваў цунамі
ў 2004 г., а таксама на карысць аднаўлення мірнага жыцця пасля грамадзянскай вайны.
Сёння Папа заклікаў працягваць працаваць у сферы адукацыі, медыцыны і дапамогі бедным.
“Бедныя не павінны быць забытымі, нельга пагадзіцца з існаваннем пашыраючайся няроўнасці”,
- сказаў Папа і заклікаў біскупаў спрыяць будаванню больш уважлівага і адкрытага грамадства.
Пантыфік
адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялога ў Шры-Ланцы. Ён заклікаў не паддавацца імкненню
рэлігійных экстрэмістаў аб’яднаць краіну на фальшывай падставе адной рэлігіі, што
ўжо прывяло да напружанасці і насілля. Неабходна лічыцца з рэлігійнай разнастайнасцю
краіны і захоўваць добрыя адносіны з прадстаўнікамі розных веравызнанняў, перакананы
Папа.
Святы Айцец заклікаў біскупаў Шры-Ланкі быць “айцамі” уважлівымі да чалавечай,
інтэлектуальнай, духоўнай і душпастырскай фармацыі святароў, якія могуць зрабіць уклад
у спрыянне прымірэнню і дыялогу. Папа адзначыў важнасць клопату аб сем’ях, супрацоўніцтва
з уладамі і іншымі рэлігійнымі лідэрамі краіны.