Папа сустрэўся з членамі Рады па эканамічных пытаннях
2 мая 2014 г. папа
Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Рады па эканамічных пытаннях – новай структуры
Апостальскай Сталіцы заснаванай Святым Айцом 24 лютага 2014 г. Яны сабраліся ў Ватыкане
на сваю першую сустрэчу, каб абмеркаваць статут і план дзейнасці на бліжэйшы час.
Звяртаючыся да сабраных іерархаў і свецкіх экспертаў, Францішак нагадаў, што заснаванне
Рады з’яўляецца адлюстраваннем усведамлення Касцёлам сваёй адказнасці за ўважлівае
захаванне і кіраванне маёмасцю ў святле евангелізацыйнай місіі і асаблівай увагі да
патрабуючых. “Мы не павінны сыходзіць з гэтага шляху”, - сказаў Папа і заклікаў спрыяць
празрыстасці і эфектыўнасці. “Апостальская Сталіца адчувае сябе пакліканай пачаць
гэту місію, асабліва ўлічваючы сваю адказнасць перад Паўсюдным Касцёлам”, - адзначыў
Пантыфік. Ён падкрэсліў, што перамены ў Рымскай курыі павінны спрыяць яе лепшаму
служэнню Касцёлу і місіі Наступніка св. Пятра.
Паводле Святога Айца, гаворка
ідзе пра “нялёгкі шлях”, які патрабуе “адвагі і рашучасці”, а таксама фарміравання
“новай ментальнасці евангельскага служэння” на ўзроўні структур Апостальскай Сталіцы.
Ён пажадаў, каб Рада па эканамічных пытаннях выконвала значную ролю ў працэсе рэфармавання
Рымскай курыі, сачыла за кіраваннем у эканамічнай і фінансавай дзейнасці, выконвала
сваю працу ў блізкім супрацоўніцтве з Сакратарыятам па эканамічных пытаннях, таксама
нядаўна створаным Пантыфікам.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Рада па
эканамічных пытаннях прадстаўляе ўвесь Каталіцкі Касцёл: у яе ўваходзяць восем кардыналаў
і сем свецкіх экспертаў з розных частак свету. Адначасова ён падкрэсліў важнасць прысутнасці
свецкіх у гэтай установе. “Свецкія з’яўляюцца паўнапраўнымі членамі новай Рады – не
членамі другога класу”, - адзначыў Пантыфік.