Амерыканскі кардынал даў парады для эфектыўнай каталіцкай камунікацыі
“Мінулі тыя часы,
калі старэнькія, поўныя і арыстакратычнага выгляду біскупы, як я, былі лепшымі прадстаўнікамі
Касцёла. Мы маем патрэбу ў кампетэнтных свецкіх верніках, якія будуць яго прадстаўляць”,
- адзначыў арцыбіскуп Нью-Ёрка, кардынал Цімаці Долан, на рымскім семінары, арганізаваным
факультэтам інстытуцыйнай камунікацыі Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа. Пурпурат,
вядомы ў ЗША як актыўны блогер і медыя-асоба, падзяліўся сваімі назіраннямі адносна
эфектыўнасці і крэатыўнасці каталіцкай камунікацыі, чаму навучыўся, як прызнаўся сам,
“у лепшай школе ўсіх часоў – школе ўласных памылак”.
У першую чаргу, кардынал
Долан падкрэсліў важнасць прафесійнасці ў сферы каталіцкай камунікацыі. Спосаб прамовы
настолькі ж важны як і яе змест, лічыць ён, нельга прамаўляць будучы непадрыхтаваным.
На
думку амерыканскага пурпурата, у сферы каталіцкай камунікацыі не трэба баяцца казаць
праўду, нават у непрыемных для Касцёла сітуацыях, таму што “людзі чакаюць ад Касцёла
празрыстасці” і, у першую чаргу, таму, што “Езус паабяцаў, што праўда зробіць нас
свабоднымі”. Трэба быць здольнымі “з міласэрнасцю і любоўю” адказваць на крытыку,
а нават на сур’ёзныя нападкі.
Арцыбіскуп Нью-Ёрка заклікаў памятаць, што ў
працэсе камунікацыі варта заўсёды знаёміць адрасатаў з Езусам, бо ў любыя часы “людзі
прагнуць надаць сэнс свайму жыццю”. Ён прызнаўся, што паабяцаў сам сабе ў кожным інтэрв’ю
абавязкова ўзгадваць імя Хрыста. “Мяне просяць аб інтэрв’ю, таму што я душпастыр,
а не кіраўнік гарадской адміністрацыі”, - сказаў пурпарат і выказаў меркаваннее, што
калі святар ці біскуп не будзе прамаўляць як духоўная асоба, стане нецікавым для журналістаў.