2014-04-29 14:01:22

Святы Айцец пра тры рысы людзей, народжаных да новага жыцця


RealAudioMP3 Кожная хрысціянская супольнасць павінна параўноўваць сваё жыццё з тым, што анімавала Касцёл першых стагоддзяў, гэта значыць, павінна праверыць сваю здольнасць жыць у “гармоніі” сведчання аб уваскрасенні Хрыста і дапамагаць бедным, лічыць папа Францішак. 29 красавіка 2014 г. ён узначаліў св. Імшу ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Пантыфік спаслаўся на ўступныя радкі Першага пасланне св. Яна і вылучыў тры характэрных рысы Касцёла першых стагоддзяў: здольнасць да згоды ўнутры, сведчанне аб Хрысце па-за сваімі межамі, клопат, каб ніхто з членаў не цярпеў нястачы. Гэта тры рысы людзей, народжаных да новага жыцця, падкрэсліў Папа падчас сваёй гаміліі ў Доме св. Марты. Гаворачы пра спакой і згоду ў раннім Касцёле, Францішак падкрэсліў: “Гэта азначае, што ў гэтай супольнасці не было месца для плётак, зайздрасці, паклёпу, зняславы”. Ён дадаў, што перад хрысціянамі заўсёды стаіць заданне быць сціплымі, пакорнымі, пазбягаць канфліктаў дзеля ўлады, спрэчак, выкліканых зайздрасцю, супрацьстаяць д’яблу, які хоча падзелаў.

Святы Айцец адзначыў, што не можна забывацца пра ўнутраныя спрэчкі, на тэму веравучэння і ўлады, якія прысутнічалі ў супольнасці першых хрысціян. Але на самым пачатку гэта была супольнасць анімаваная Святым Духам, маючая здольнасць быць узорам і мадэллю для сённяшняга Касцёла.

Яшчэ адной асаблівасцю, якая ўяўляе сабой крытэрый жыцця хрысціянскай супольнасці з’яўляецца яе стаўленне да бедных, адзначыў Францішак. Ён дадаў, што гаворка ідзе як пра асабістае або агульнае стаўленне да асоб у нястачы, так і пра беднасць самой супольнасці.

“Гэта Святы Дух стварае Касцёл, Ён прыносіць адзінства. (...) Святы Дух робіць цябе ўбогім, бо Ён з’яўляецца багаццем і схіляе кожнага клапаціцца аб бедных” - сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй гаміліі.







All the contents on this site are copyrighted ©.