2014-04-29 12:09:42

Біскуп Алег Буткевіч: “Касцёл бедны і для бедных” умее ўласцівым чынам карыстацца матэрыяльнымі сродкамі


RealAudioMP3 Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч лічыць, што матэрыяльныя сродкі патрэбныя Касцёлу для добрага выканання яго місіі ў гэтым свеце. Але сённяшняму свету патрэбны Касцёл бедны і для бедных, як неаднойчы заяўляў папа Францішак. Гэта пачуццё і стан беднасці палягае на тым, што Касцёл “не канцэнтруецца ў першую чаргу на матэрыяльным баку жыцця, але ўмела карыстаецца тым, што дае Бог чалавеку ў гэтым свеце”, “у першую чаргу разлічвае на Божую дапамогу і Провід і ўмее ўласцівым чынам карыстацца матэрыяльнымі сродкамі для выканання свайго задання”, адзначыў пастыр Віцебскай дыяцэзіі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Эксцэленцыя, віншую Вас с біскупскім прызначэннем. Скажыце, як Вам быць біскупам?

Яшчэ не шмат часу прайшло, каб акрэсліць цалкам дакладна. Але напэўна першае, што чалавек адчувае – гэта вялікая адказнасць за даручаных людзей. З’явілася новае заданне, але, выконваючы яго, варта было б паглядзець назад, асэнсаваць тое, што адбылося і ўтварылася ў дыяцэзіі. Напэўна, было зроблена шмат. Не заўсёды тое, што ёсць на сённяшні момант, дасягнула дасканалага ўзроўню, ёсць яшчэ шмат пытанняў, якія трэба вырашыць. Пытанняў шмат. Прыйшоў час, і гэта добры час, каб абраць накірунак, які дапаможа ўтрымаць тое добрае, што было зроблена раней, і знайсці метады і прынцыпы, якія дапамогуць у сучасным свеце і сучасных умовах абвяшчаць Евангелле ў нашай краіне.

Калі Вас прызначылі Біскупам Віцебскім, у размовах з журналістамі Вы адзначылі, што ў першую чаргу будзеце займацца арганізацыяй дыяцэзіяльнай курыі. І на гэта некаторыя сказалі, што новы біскуп зробіць акцэнт на адміністраванні, на бюракратычнай складаючай. Ці так гэта?

Паколькі кожная структура, а Касцёл з’яўляецца структурай, для сваёй працы і жыццяздольнасці патрабуе ўмовы, то згодна з маім заданнем, якое я бачу, з патрабаваннямі, якія перад мной ставяць час і ўмовы, патрэбна курыя, якая добра функцыянуе. І справа не ў тым, каб займацца нейкімі выключна бюракратычнымі пытаннямі. Гэта, перш за ўсё, стварэнне той структуры, якая б дапамагла ў нармальнай працы самой дыяцэзіі, у функцыянаванні душпастырства, у вырашэнні тых пытанняў, якія ўзнікаюць. Гэта тыя рэчы, без чаго не магчыма нармальнае развіццё і жыццё, перш за ўсё, святароў, іх праца. І калі ўжо ідзе мова пра стварэнне нейкай структуры, курыі, то ў тым сэнсе, каб была такая сістэма, якая дапамагае ў нармальнай працы душпастыра, дыяцэзіі і Касцёла.

Ёсць малазаўважаны праз СМІ і, магчыма, таксама праз касцёльнае асяроддзе факт – у Віцебскай дыяцэзіі некалькі тыдняў таму паўстала новая структура (новая не толькі на ўзроўні дыяцэзіі, але і Касцёла ў Беларусі) – была створана Эканамічная рада, якая павінна дапамагаць біскупу ў фінансавых аспектах кіравання дыяцэзіяй. Наколькі важная гэта падзея і ўвогуле эканамічная складаючая жыцця Касцёла?

У кожнай галіне дзейнасці фінансавае пытанне – складанае з аднаго боку, з другога – пытанне, якое патрабуе празрыстасці, каб фінансавыя сродкі, у выпадку Касцёла, прыносілі карысць і спрыялі душпастырскай працы. Эканамічная рада патрэбна, каб пытанні такога кшталту не ўскладаліся на плечы выключна біскупа. Я лічу лагічным крокам стварэнне такой структуры, якая дапамагала б вырашаць фінансавыя пытанні і вырашэнне іх было б празрыстым, зразумелым, лагічным. Як мне падаецца, на дадзеным этапе развіцця Касцёла і нашай дыяцэзіі знешняя дапамога дзеля таго, каб стварыць патрэбныя структуры, базу для дзейнасці, напэўна яшчэ патрабна. Але я не магу сказаць, што сітуацыя Касцёла ў нас настолькі крытычная, што мы не маглі б карыстацца тым патэнцыялам, які існуе ўнутры яго. Гэта пытанне арганізацыі і пошуку, адкрыцця гэтага патэнцыялу, яго выкарыстання. І таму стварэнне гэтай эканамічнай камісіі – спроба і крок у гэтым накірунку, каб патэнцыял, які існуе ў Касцёле ў Беларусі, нейкім чынам выкарыстоўваць і шукаць нейкія магчымасці для нармальнага функцыянавання Касцёла ў нашай краіне.

Вельмі цытуюць у апошні час словы папы Францішка, што нам патрэбны “Касцёл бедны і для бедных”. Ці ўпісваецца гэта формула ў кантэкст Касцёла ў Беларусі, ці можа яна прыжыцца ў нас?

Формула Папы вынікае з “Нагорнага казання” Езуса, дзе Ён кажа пра тое, што благаслаўлёныя ўбогія, бо ім належыць Валадарства Нябеснае. Такім чынам Папа хоча звярнуць увагу ў наш час на тое, што Касцёл не павінен страціць сваёй місіі – весці чалавека да Божага Валадарства. І ў гэтым выпадку матэрыяльныя сродкі Касцёла могуць стаць перашкодай, калі мы зоймемся іх пошукам у якасці мэты. Матэрыяльныя сродкі могуць быць толькі дапамогай для выканання асноўнай місіі Касцёла. І ўбогасць – гэта стан Касцёла, які не канцэнтруецца ў першую чаргу на матэрыяльным баку жыцця, але ўмела карыстаецца тым, што дае Бог чалавеку ў гэтым свеце. Таму ўбогі, Касцёл або чалавек, гэта той, які ў першую чаргу разлічвае на Божую дапамогу і Провід і ўмее ўласцівым чынам карыстацца матэрыяльнымі сродкамі для выканання свайго задання.

Эксцэленцыя, вялікі дзякуй за размову. Яна сканцэнтравалася сёння на пытаннях эканамічнага кшталту, але паколькі мы чамусьці часта баімся і нават саромеемся гэтых пытанняў, магчыма, настаў час, каб іх задаць. Таму, я Вам вельмі ўдзячны за шчырасць і адкрытаць у размове на гэтую тэму.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.