2014-04-27 12:22:17

Францішак сардэчна прывітаў Бэнэдыкта XVI перад пачаткам кананізацыі


RealAudioMP3 Папа Францішак на пачатку кананізацыйнай св. Імшы Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ сардэчна прывітаў свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, які прыбыў на плошчу св. Пятра за паўгадзіны да распачацця ўрачыстасці ў суправаджэнні свайго асабістага сакратара арцыбіскупа Георга Генсвайна. Вернікі віталі Папу на пенсіі гарачымі апладысментамі. Раней арцыбіскуп Генсвайн, які з’яўляецца таксама прэфектам Папскага дому, прывітаў палітыкаў перад фасадам ватыканскай базылікі. У агульнай складанасці для ўдзелу ва ўрачыстасці зарэгістравалася каля 100 афіцыйных дэлегацый.

Перад Эўхарыстыяй, якую распачала ў 10.00 працэсія з базылікі св. Пятра на ватыканскую плошчу з удзелам соцень кардыналаў і біскупаў з усяго свету, вернікі малітоўна рыхтаваліся да кананізацыі. Духоўную падрыхтоўку за гадзіну перад св. Імшой распачаў гімн у гонар Яна XXIII пад назвай “Сведка міру, сведка любові”. Набажэнства было падзелена на пяць частак, паміж якімі трывала малітва на ружанцы. На заканчэнне прагучаў гімн да Яна Паўла II, які пачынаўся словамі: “Адчыніце дзверы Хрысту – не бойцеся”, што прагучалі з вуснаў Папы на пачатак яго пантыфікату ў 1978 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.