2014-04-27 16:34:27

Беларускія вернікі на плошчы св. Пятра: на Беларусі Бог жыве!


RealAudioMP3 27 красавіка 2014 г. у кананізацыйнай св. Імшы на ватыканскай плошчы прыняла ўдзел вялікая група пілігрымаў з Беларусі. Яны прыбылі з розных дыяцэзій краіны, каб раздзяліць радасць абвяшчэння святымі двух вялікіх пантыфікаў – Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Падчас Эўхарыстыі многія з беларускіх пілігрымаў стаялі зусім недалёка ад алтара з заўважным транспарантам, на якім было напісана “На Беларусі Бог жыве!”. Адной з іх была Вольга Адамовіч, маладая верніца з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё яна расказала, што ноч перад кананізацыяй правяла каля ватыканскай базылікі, але нягледзячы на пэўны дыскамфорт душу сагравала малітва і спевы прадстаўнікоў розных краін, якія чувалі разам.

Асаблівай радасцю ад кананізацыі Яна Паўла ІІ былі напоўнены вернікі нарачанскай парафіі св. Андрэя, дзе ўстаноўлены помнік новаму святому, а таксама захоўваюцца яго рэліквіі. Паводле Ірыны Жалубоўскай з Нарачы, пасля прызнання святасці Яна Паўла ІІ яшчэ больш хочацца жыць паводле яго прыкладу і навучання.

Пасля кананізацыйнай св. Імшы беларускія вернікі, святары і іерархі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі сабраліся разам на літургію падзякі за двух новых святых. Яна адбылася ў ватыканскім парафіяльным касцёле св. Ганны. Ініцыятараў правядзення літургіі выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх заклікаў вернікаў весці энтузіязм атрыманы падчас кананізацыі ў Беларусь і дзяліцца ім з жыхарамі краіны.

27 красавіка 2014 г. вечарам пілігрымы плануюць вяртацца на Радзіму, таму трэба чакаць вялікую колькасць узбагачаных цудоўным досведам блізкасці са святымі Папамі вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.