2014-04-26 14:04:07

Святы Айцец сустрэўся з прэм’ерам Украіны


RealAudioMP3 26 красавіка 2014 г. у Ватыкане Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Украіны Арсенія Яцанюка. Пазней палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. Як паведаміла Зала Друку Святога Пасаду, падчас сардэчных перамоваў, якія адбыліся ў кантэксце добрых двухбаковых адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Украінай, была абмеркавана бягучая сітуацыя, з надзеяй, што ўсе зацікаўленыя бакі будуць канструктыўна працаваць разам для аднаўлення палітычнай і сацыяльнай стабільнасці ў краіне, у адпаведнасці з міжнародным правам, і спрыяць ўзаемаразуменню паміж народамі рэгіёну. Была таксама адзначана асаблівая роля, якую Цэрквы і рэлігійныя арганізацыі павінны адыграць у працэсе ўмацавання ўзаемнай павагі і згоды паміж усімі пластамі грамадства. Была зроблена спасылка на далейшыя дзеянні з боку міжнароднай супольнасці ў гэтым кантэксце.

Як было абвешчана, у сувязі з напружанай сітуацыяй на радзіме, украінскі прэм’ер вырашыў, што адразу ж пасля папскай аўдыенцыі вернецца ва Украіну.

Папа Францішак прыняў 26 красавіка 2014 г. таксама Прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, Прэзідэнта Гандураса Хуана Арланда Эрнандэса Альварада і былога караля бельгійцаў Альберта II з каралевай Паолай.







All the contents on this site are copyrighted ©.